Вход Регистрация
О насБиблиотека
детям
Читателям Филиалы Информационные
ресурсы
Новости
и события
Методическая
копилка
Краеведение Контакты Гостевая
книга
Гарагляд Ніна
Гарагляд Ніна Жанр издания: бібліяграфічны дапаможнік
Год издания: 2017

Бы малая, шукаю далоньку тваю.
Нетрывала яшчэ на зямлі я стаю.
Да цябе сцежкі ўсе я ад сэрца кладу,
Да цябе я па розум, матуля, іду –
Каб зямлю сваю, наша сяло і   людзей
Яшчэ болей любіць,
Быць душою дабрэй,
Шчыра песню спяваць, што палі ўсе
разбудзіць…
з песняй маці іду да вас, 
добрыя людзі!
                             

                          

         Асноўнае месца ў творчасці Ніны Васільеўны Гарагляд займае паэзія, якая вылучаецца асаблівай даверлівасцю, прастатой выказвання, і гэтым прываблівае шматлікіх прыхільнікаў яе таленту.
Ніна Гарагляд нарадзілася 20 лютага 1952 года ў мнагадзетнай сям'і на хутары Паўлінава Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Рана засталася без бацькі, выхоўвалася ў Целяханскім дзіцячым доме. Але яе пачуццё еднасці з родным краем заўсёды жывуць у падсвядомасці: “Сніцца Піншчына кожнай ноччу. Родны край прыходзіць часта ў сны малюнкамі паплавоў, мурожных лугоў, залатой лотаці, малюнкамі дзяцінства”.
                         

                    Па вадзе дзеўчанём іду.
                          Кветкі рву. У прыпол кладу.
                             Пільна бусел за мною сочыць…
                             Сніцца Піншчына кожнай ноччу


       У 1969 г. Ніна Гарагляд скончыла Лышчанскую сярэднюю школу, затым працавала ў ёй піянерважатай. У 1970 г. паступіла ў Брэсцкі педагагічны інстытут на філалагічны факультэт. 3 1972 г. працавала ўчотчыкам пісьмаў на Брэсцкім тэлебачанні і радыё, затым два гады настаўнічала на Камянеччыне. 
        Далей лёс Ніны Гарагляд склаўся так, што яна параднілася з Каменцам, дзе ўтварылася яе сям’я, дзе яна зведала радасці, болі і хваляванні мацярынства, дзе прайшла свой працоўны і творчы шлях. У 1974 г. стала працаваць літаратурным супрацоўнікам у камянецкай раённай газеце "Навіны Камянеччыны". У 1976 г. Ніна Гарагляд была прызначана загадчыцай аддзела пісьмаў і сацыяльных праблем, у 1996 г. - намеснікам рэдактара, а з 2003 па 2008 гады - рэдактарам. Пры раённай газеце яна была кіраўніком літаб'яднання "Пушчанка", дзе разглядала і абмяркоўвала творы маладых паэтаў Белавежскага краю. 
       Акрамя захаплення паэзіяй, Н. Гарагляд шмат займалася журналісцкай дзейнасцю. Яе арыгінальныя і цікавыя публіцыстычныя замалёўкі, эсэ, інтэрв’ю пра культуру рэгіёну беларускай Белавежы, пра вядомых людзей краю часта друкаваліся на старонках раённай газеты, шмат артыкулаў і апавяданняў   змяшчалася ў раздзеле «Літаратурная старонка». 
      Свае раннія творы Н. Гарагляд пачала друкаваць у 1979 годзе ў зборніку беларускай паэзіі “Нашчадкі”, а ўжо пазней яе вершы з’явіліся ў зборніках “Паэзія Берасцейшчыны. Дзядзінец”, “Дзень паэзіі”. Першыя апавяданні, абразкі Ніны Гарагляд былі апублікаваны ў часопісах "Маладосць", “Беларусь”. Друкавалася таксама ў газетах "Літаратура і мастацтва", "Рэспубліка", “Заря”, “Чырвоная змена” і іншых выданнях.
       У 2006 г. яна была прынята ў “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.
       Ніна Гарагляд піша вельмі лірычныя і рамантычныя вершы. Галоўныя іх тэмы: каханне, шчырая любоў да Радзімы і вобраз маці. Яе вершы адметныя моцным пачуццём, непадробнасцю і прастатой выказвання. Захапляюць сваёй незвычайнасцю і цікавасцю яе артыкулы аб сацыяльных і штодзённых праблемах, аб жыцці літаратуры і мастацтва, аб народным календары, аб гарадскіх святах і талентах горада Каменца і Камянецкага раёна. 
       У 1995 г. самыя адметныя з ранейшых і нешматлікіх новых вершаў Ніны Гарагляд былі змешчаны ў самастойным зборніку вершаў "Матчына песня". Зборнік мае натуральную, адпаведную творам назву, - дамінуюць тут матывы, звязаныя з роднай зямлёй – з Піншчынай, з Палессем, з матчынай мовай і песняй, з родным домам і каханнем. Прысутнасць такіх матываў сведчыць пра лірычны характар таленту творцы. У гэтым зборніку адчуваецца цвёрдая ўпэўненасць паэткі: “На ўвесь век мне спадчына – песня матчына”.

Не палотнаў, не хустак,
Маці мне не дарыла
Толькі песню мне ў сэрца
Трапяткую ўлажыла
Кроў сялянская носіць
Яе ціха па жылах…
На ўвесь век мне Спадчына -
Песня матчына.

  Колькі прамяністых, пявучых словаў і радкоў гучыць у вершах Гарагляд аб Радзіме і не толькі аб месцах, дзе нарадзілася, але і аб Камянеччыне, дзе жыве паэтка, дзе прайшло яе станаўленне. Камянеччына прадстае ў такім свеце, у якім бачыць яго паэтка, родным і любімым, шчыра дзякуе і клапоціцца аб ім

У пушчы Белавежскай
Шумяць яліны, сосны
І стройныя алені
Бягуць па травах росных,
Каб да крыніц схіліцца,
Вады папіць гаючай …
Іх не спалохай рухам
І позіркам калючым.
Усе жывое прагне
І ласкі, і цяпла…
Лес цягнецца да сонца,
Як людзі да святла!

      
     Кожны дотык да невычарпальнага свету творчасці Ніны Гарагляд дадае штосьці патаемнае, што абагаціць ўнутранае, духоўнае жыццё, зробіць яго багацей і радасней. Паэтка аддае свайму чытачу самае вялікае, што ў яе ёсць - саму сябе, свае думкі, пачуцці, сэрцам пражытыя дні жыцця. 

Калі адчую, што слабею,
Што слоў для песні не стае,
Тады ў зялёны нерат грэблі
Я гуслі пакладу свае.

І хай сумуюць рукі-голле,
Я зманай волі ім не дам.
А да людзей пайду. У поле.
І навучуся песні там.


     Творы Ніны Гарагляд такія спавядальна-шчырыя, поўныя жаночай дабрыні і спагады, такія, як душа, як жыцце паэткі. Тым і самабытныя, тым і цікавыя для нас і сёння.


“Народжана пад знакам паэзіі”


Сцэнарый літаратурнай гадзіны 

 (да 65-годдзя з дня нараджэння 
Н.В. Гарагляд)

Вядучы 1.
          Паэзія – незвычайная рэч. Яна застаўляе нас па-новаму глядзець на свет. Яна дае магчымасць выразіць свае пачуцці, якія назапасіліся ў сэрцы. Паэзія ўзвышае нас над светам штодзённасці і будзённасці, абагачае духоўна. Яна дапамагае нам быць дабрэйшымі, больш рашучымі, пяшчотнымі і мужнымі. Таму не выпадкова, што паэзія – гэта частка нашага жыцця. Для кагосьці – большая, для кагосьці зусім непрыкметная, але, безумоўна, для ўсіх – важная. Але ёсць людзі, для якіх паэзія – гэта жыццё. 
         І сёння, дарагія сябры, нам хочацца распавядаць вам пра чалавека, для якога паэзія – гэта, сапраўды, само жыццё. Камянчанка Ніна Васільеўна Гарагляд… Быццам імклівая ластаўка паднялася яна ў прасторы беларускай паэзіі на мяжы 60-70 гадоў мінулага стагоддзя.

Вядучы 2.
         Нарадзілася Ніна Гарагляд 20 лютага 1952 года  ў мнагадзетнай сям’і на хутары Паўлінава Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Рана засталася без бацькі, выхоўвалася ў Целяханскім дзіцячым доме. У 1969 г. скончыла Лышчанскую сярэднюю школу. Працавала піянерважатай у гэтай жа школе. У 1970 паступіла ў Брэсцкі педагагічны інстытут на філалагічны факультэт. З 1972 г. працавала ўчотчыкам пісьмаў на Брэсцкім тэлебачанні і радыё, затым два гады настаўнічала на Камянеччыне. У 1974 г. стала працаваць літсупрацоўнікам  у Камянецкай раённай газеце “Навіны Камянеччыны”. У 1976 г. Ніна Гарагляд была прызначана загадчыцай аддзела пісьмаў і сацыяльных праблем, у 1996г. – намеснікам рэдактара, а з 2003 па 2008 гады працавала рэдактарам  газеты “Навіны Камянеччыны”.

Вядучы 1.
         Ніна Васільеўна – член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар зборніка вершаў “Матчына песня”, яе творы ўключаны ў калектыўны зборнік  паэзіі “Нашчадкі”. Часта друкавалася ў альманахах “Дзень паэзіі”, часопісах “Маладосць”, “Нёман”, газетах “Літаратура і мастацтва”, “Звязда”, “Заря”, “Навіны Камянеччыны”. 

Вядучы 2.
         Незвычайна прыгожа і зладжана гучаць беларускія словы ў творах Ніны Гарагляд, бо ўсе яе вершы напісаны на беларускай мове. Яны  адкрытыя, адметныя моцным, часам выбуховым пачуццём,  непадробнасцю і прастатой выказвання.  Паэтцы ўласцівыя даверлівасць да людзей і прыроды, гранічная адкрытасць і ранімасць душы. Н. Гарагляд аддае нам, яе чытачам, самае  вялікае, што ў яе ёсць – саму сябе, свае думкі, пачуцці, сэрцам пражытыя дні жыцця. 

Вядучы 1.
       Паэзія і каханне – гэта словы сінонімы. Ніякі верш не можа існаваць без любві. Любоў да Радзімы,  да родных месцаў, любоў да блізкіх і дарагіх людзей. І ў Н. Гарагляд  адна з любімых тэм у паэзіі – любоў, або як кажуць на беларускай мове - каханне.
         Многія з вершаў гэтай тэматыкі   адносяцца да ранняй творчасці, авеянай радасцю, вясной, перапаўняючымі душу пачуццямі.

Чытач:


Мае цалаваў ты далоні
І твар, як святую ікону.
Спляталіся рукі, як травы,
Пярсцёнкі на нашых правых…
І дождж шапацеў на мяжы,
Што ты не чужы, не чужы. 

Вядучы 2.
          Напоўненыя шчасцем думкі як бы плывуць па радках. Адчуваецца  шапаценне ветру, дажджу, цяпло лета.   Вобразы Ніны Гарагляд ніколі не жылі сваім асабістым жыццём, а  заўсёды нязменна служылі выкрыванню лірычных перажыванняў паэткі, яе радасцей, скрух, трывог. У ранняй творчасці яны светлыя і добрыя.

Чытач:


Я прыйшла, каб нагамі белымі,
Як маланкай, цябе асляпіць,
І дзяўчынкаю смелаю-смелаю
Ў лясы заманіць цябе жыць…

Вядучы 1.
         Вобраз дзяўчынкі так ярка паўстае перад вачыма, што мы плаўна пагружаемся ў светлыя мары аб вечным, бясконцым каханні. Але з цягам часу інтымная лірыка паэткі становіцца сталей, смутней. Ужо праз многія вершы праходзіць тэма разлукі, такой балючай для аўтара. Усё ў жыцці напамінае аб далёкім каханні: сны, восень, думкі.

Чытач:


Восень позняя 
У шыбу стукае 
То дажджом,
То галінкай клёна
Так і я
Апушчу квола плечы. 
Дзе заняць 
Прыгажосці былой?
Восень шэпча:
Прыйшоў твой вечар…
А так хочацца быць маладой!

Вядучы 2.

        А колькі прамяністых, пявучых слоў і радкоў гучыць у вершах  Ніны Гарагляд, дзе яна піша менавіта аб Беларусі, натхняючыся любоўю да Бацькаўшчыны, яе мовы, прыроды.

Чытач:


Я сваю Беларусь пазнаю
Па блакіту азёраў-вачэй,
Па знаёмай да болю ўсмешцы,
Па спакою салодкіх начэй…

Вядучы 1.
        Адданая любоў да краю чуецца ў такіх яе творах, як “Спадчына”, “Хлеб”, “Зямля”.  
       Бацькаўшчына – гэта той край, дзе мы нарадзіліся і выраслі, дзе жывуць нашыя бацькі і жылі дзяды, дзе жыве ўвесь беларускі народ.  У сэрцы Н. Гарагляд заўсёды жыве ясная, ніколі нязгасная памяць аб Бацькаўшчыне, аб тым краі, дзе яна нарадзілася.

Чытач:


     На Піншчыне.
Усё часцей сняцца мне паплавы
У рыжых купінах мокрай травы,
І адбіткаў сонечных кротасць –
Сніцца лотаць мне. Жоўтая лотаць.
Па вадзе дзяўчуком брыду,
Кветкі рву. У прыпол кладу.
Пільна бусел за мною сочыць,
Сніцца Піншчына кожнай ноччу.

  Вядучы 2. 
           Ёсць у  паэткі прыгожы верш  “Сустрэча з домам”. У свой час ён быў пакладзены на музыку. У выніку, атрымалася надзвычай цудоўная песня, якую выконвае ансамбль “Бяседа”.

                        Гучыць песня “Сустрэча з домам”.

Вядучы 1.
        Лёс Ніны Васільеўны Гарагляд склаўся так, што   большую палову  жыцця яна пражыла ў Каменцы. Тут пачаўся і скончыўся яе працоўны шлях, тут яна выйшла замуж, пазнала шчасце мацярынства, тут прайшло яе станаўленне і прыйшла знакамітасць. Паэтка любіць Камянеччыну,  ганарыцца той мясцінай, дзе жыве.
        Камянеччына як часцінка нашай Бацькаўшчыны, ў апісанні паэткі прадстае  роднай і любімай.  Калі Н. Гарагляд захапляецца прыгажосцю нашага краю, то гэта захапленне перадаецца і нам, чытачам. 

Чытач:


У пушчы Белавежскай
Шумяць яліны, сосны, 
І стройныя алені
Бягуць па травах росных….
Усё жывое прагне
І ласкі, і цяпла…
Лес цягнецца да сонца,
Як людзі да святла!

Вядучы 2.
     Мама, мамачка, матуля – гэта чалавек, які з першых імгненняў нашага жыцця становіцца самым важным чалавекам у лёсе кожнага з нас. Маці заўсёды гатова аддаць цяпло сваёй душы, сваю пяшчоту і любоў дзецям. Нягледзячы на ўсе перашкоды і адлегласці, яна заўсёды сэрцам  знаходзіцца з намі.    Парады матулі ў першую чаргу дапамагаюць нам у дзіцячых турботах, а потым у дарослым жыцці  падбадзёрваюць цёплымі словамі. Вось як выказала сваю любоў да маці Ніна Васільеўна Гарагляд у вершы “Бы малая, шукаю далоньку тваю”.

Чытач:      


Бы малая, шукаю далоньку тваю.
Да цябе сцежкі ўсе я ад сэрца кладу,
Да цябе я па розум, матуля, іду –
Каб зямлю сваю, наша сяло і людзей 
Яшчэ болей любіць,
Быць душою дабрэй,
Шчыра песню спяваць,
Што палі ўсе разбудзіць…
З песняй маці іду да вас, добрыя людзі!

Вядучы 1.
          Сціснутыя болем і адчаем, вершы Н. Гарагляд аб смерці маці, аб тым, што яе ўжо няма, і частка жыцця і душы сумуе і горка плача.

Чытач:


         Памяці маці.
Першыя жмені жвіру
Застукалі па труне так гулка
Хай пухам будзе табе зямля,
А не пасцеллю мулкай.
Я лепшыя кветкі табе прынясу,
Зайдуся ў горкім плачы.
Ні белых рамонак,
Ні сініх валошак
Ты, мамачка, не ўбачыш.
Больш хустка не мільгне твая
Ля грэблі ці ў гародзе.
Даўно ты, мамачка мая,
Па раю ціха ходзіш.

Вядучы 2.
           У творчым багажы  Н.В. Гарагляд ёсць і празаічныя творы. Гэта   маленькія замалёўкі, больш падобныя на вершы ў прозе. У сваіх маленькіх абразках аўтар апавядае аб “Фарбах жыцця”: яркія – вяселле маладых, а цераз дарогу змрочныя – хаваюць чалавека. У замалёўцы “Трэба дома бываць часцей”, якая мусіць, часткаю ўзята з жыцця паэткі, яна заклікае да беражлівасці, шанавання матулі, самага роднага чалавека ў жыцці.  
        
Чытач чытае замалёўку “Трэба дома бываць часцей”.

Вядучы 1.
           Вабіць праўдзівасцю, лірыкай, духоўнасцю кожны твор Ніны Гарагляд аб мясцовай прыродзе. 
          Пісьменніца звяртаецца да вобразаў светлых і родных, як буслы – сімвалы шчасця. І нават у празаічных творах ёсць лірычная нотка: “Так  і стаяць яны, усім сваім выглядам сцвярджаючы: усё жывое моцнае сям’ёй і нават птушцы нельга застацца адной”.     

Вядучы 2. 
         Паважаныя сябры, з творамі нашай зямлячкі Ніны Гарагляд апавяданнямі і вершамі  (“Спыніцца, азірнуцца”, “Дажывём да любові”, “Як кепскі сон”, вершы “Сэрцайка шчыміць”, “Успамін дзяцінства” і іншыя), Вы можаце пазнаёміцца на старонках раённай газеты “Навіны Камянеччыны”. Некаторыя яе вершы ўключаны ў зборнік “Душа мая босая…”, выдадзены супрацоўнікамі Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Вядучы 1.
           Спадзяемся, што кожны дотык да невычарпальнага свету творчасці Н.В. Гарагляд будзе дадаваць штосці патаемнае, адкажа на бясконца многія жыццёвыя пытанні, што  абагаціць наша  ўнутранае, духоўнае жыццё, зробіць яго святлей і радасней. 
 

                                              Творы Н. В. Гарагляд

Гарагляд, Н. В. "Ад пяшчоты не ўцякаюць..." : вершы / Ніна Гарагляд // Навіны Камянеччыны. 2017. 18 лютага (№ 7). С. 20.
Гарагляд, Н. В. "Сэрцайка шчыміць..." : вершы / Ніна Гарагляд // Навіны Камянеччыны. 2016. 9 студзеня (№2). С.6.
Гарагляд, Н. Вершы / Ніна Гарагляд // Гаспадыня. 2006. № 5. С. 37. 
Гарагляд, Н. Вершы / Ніна Гарагляд // Песні Белавежы: Камянеччына літаратурная: проза, паэзія, публіцыстыка / уклад. З. Дудзюк. Мн., 2005. С. 191-195. 
Гарагляд, Н. Восень у горадзе: вершы / Ніна Гарагляд // Навіны Камянеччыны. 2000. 16 жніўня.
Гарагляд. Н. Вясновыя радкі: вершы / Ніна Гарагляд // Маладосць. 2006. № 11. С. 89. 
Гарагляд, Н. Душа мая босая…: вершы. / Ніна Гарагляд. Каменец, 2004. 33 с. 
Гарагляд, Н. Камянецкі вальс: верш / Ніна Гарагляд // Навіны Камянеччыны. 2008. 6 верас.
Гарагляд, Н. Матчына песня: вершы / Ніна Гарагляд // Лім. 2005. 18 лістапада. С. 8.
Гарагляд, Н. Новыя вершы / Ніна Гарагляд // Навіны Камянеччыны. 2001. 26 мая.
Гарагляд, Н. Новыя вершы / Ніна Гарагляд // Навіны Камянеччыны. 2003. 16 ліпеня.
Гарагляд, Н. Партызанская матуля: вершы / Ніна Гарагляд // Навіны Камянеччыны. 2001. 8 мая.
Гарагляд, Н. Першае каханне: вяснянка на вуліцы / Ніна Гарагляд // Навіны Камянеччыны. 2001. 7 сак. 
Гарагляд, Н. Родная мова: верш / Ніна Гарагляд // Навіны Камянеччыны. 2008. 6 верас. С. 4.
Гарагляд, Н. Родная мова; Камянецкі вальс; У пушчанскіх вальерах: вершы / Ніна Гарагляд // Навіны Камянеччыны. 2008. 6 верас.
Гарагляд, Н. У пушчанскіх вальерах: верш / Ніна Гарагляд // Навіны Камянеччыны. 2008. 6 верас. С. 4. 
Горегляд, Н. Матери: стихотворение. / Нина Горегляд // Навіны Камянеччыны. 2008. 26 лют.
Новыя вершы Ніны Гарагляд // Навіны Камянеччыны. 2003. 16 ліпеня.


Аб жыцці і творчасці пісьменніцы



Ніна Гарагляд // Літаратурная Берасцейшчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / Ляшук В. Я., Снітко Г. М. Мінск, 2008. С. 475.
Ніна Гарагляд // Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 475-476.
Ніна Гарагляд // Літаратурная Берасцейшчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / Ляшук В. Я., Снітко Г. М. Мн., 2008. С. 255.
З песняй матчынай: Ніне Гарагляд – 50 // Заря. 2002. 19 февр. С. 3.






Назад в раздел
© 2011. Каменецкая центральная районная библиотека им.В.М. Игнатовского