Вход Регистрация
О насБиблиотека
детям
Читателям Филиалы Информационные
ресурсы
Новости
и события
Методическая
копилка
Краеведение Контакты Гостевая
книга
Старажытныя сядзібы Камянецкага раёна

   

     У сучасны момант удзяляецца вялікая ўвага ахове гістарычных помнікаў. Прымаецца рад заканадаўчых актаў, якія рэгламентуюць аднаўленне і рэканструкцыю нацыянальнага здабытку. У гэту агульную справу, акрамя спецыяльных арганізацый і інстанцый, павінен быць уцягнуты кожны.
    Наша Камянеччына па праве лічыцца адным з самых прываблівых рэгіёнаў для турыстаў. Тут знаходзіцца праславутая Белавежская пушча, знакамітая Белая вежа і папулярная рэзідэнцыя Дзеда Мароза. Апрача гэтага наша зямля багатая архітэктурнымі, гістарычнымі і мастацкімі помнікамі. Менавіта іх ахове павінна ўдзяляцца немалаважнае значэнне, каб гэтыя  помнікі захавалі сваю першапачатковую веліч і працягвалі заставацца дастойнай гістарычнай каштоўнасцю для нашых нашчадкаў. Комплекс жылых, гаспадарчых і паркавых пабудоў, рамантычныя руіны старадаўніх замкаў, сады і паркі складаюць адзінае архітэктурнае цэлае - сядзібу. Багацце старадаўніх сядзіб, якія раней існавалі і квітнелі на нашай зямлі без слоў адлюстроўваюць багатую гісторыю роднага краю.  

ПАЛАЦАВА-ПАРКАВЫЯ АНСАМБЛІ КАМЯНЕЦКАГА РАЁНА 
1.   урочышча Александрыя (сядзіба) (паблізу в.Агароднікі) 
2.   в.Баранкі (сядзіба)
3.   в.Бучамля (сядзібна-паркавы комплекс)
4.   в.Воўчын (мемарыальны палацава-паркавы ансамбль)
5.   в.Вялічкі (сядзіба)
6.   в.Вярховічы (маёнтак)
7.   в.Грымяча (cядзіба-паркавы ансамбль)
8.   в.Расна (калішні палацава-паркавы комплекс)
9.   в.Капылы (сядзіба-паркавы комплекс)
10. в.Каралін (сядзіба)
11. урочышча Лазавіца (сядзіба)
12. в.Лумна (фальварак)
13. в.Мінькавічы (сядзібна-паркавы комплекс)
14. в.Навіцкавічы (фальварак)
15. в.Пелішча (старадаўні маёнтак)
16. в.Ставы (сядзіба)
17. в.Сушкі (старадаўні фальварак)
18. в.Сюлкі (калішняя сядзіба роду Пашкевічаў)
19. в.Турна (старадаўняя сядзіба)
20. в.Хадосы (сядзібна-паркавы комплекс)
21. в.Шастакова (сядзіба)
22. г.Высокае (cядзібна- паркавы комплекс) 
   

Тры з вышэй пералічаных палацава-паркавых ансамбляў  унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: сядзібна-паркавы комплекс г.Высокае, сядзібна-паркавы ансамбль в.Грымяча, сядзібна-паркавы комплекс в.Капылы, якія складаюць адну з найцікаўнейшых старонак Камянецкага раёна і маюць свай лёс, сваё жыццё.[6] 

    Сядзібна-паркавы комплекс  г.Высокае.

Уязная брама. З акварэлі Напалеона Орды.1876г..jpg

    Першыя ўпамінанні пра горад Высокае змяшчаюцца ў гістарычных дакументах ХІV ст., калі вялікі князь Гедзімін праездам на Русь затрымаўся ў Высокім Горадзе, які прывабіў яго ўвагу сваім маляўнічым выглядам. Найбольш каштоўны дакумент, які датычыць гісторыі Высокага, адносіцца да 1494 г., калі князь Аляксандр, сын вялікага князя ВКЛ Казіміра, падараваў гораду магдэбургскае права і герб.  

    У 1511 г. кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт I Стары перадаў г. Высокае Яну Храптовічу Літавору, маршалку ВКЛ.
    У 1538 г. арандатарам высокаўскіх зямель стаў Лаўрэн Вольскі, пазней гаспадарамі Высокага былі Ёдкавічы, Петкавічы, Хлявіцкія, Войны. У 1647 г. Высокае выкупіў Павел  Сапега. Пры ім быў узведзены замак як цэнтр абароны гандлёва-рамеснага насельніцтва Высокага.
        Замак з'яўляўся ўзорам бастыённай сістэмы ўмацавання. Ён гарманічна спалучаў прыродныя ўзвышшы, штучнае aбвадненне і сістэму бастыёнаў, якая выглядала асабліва магутна з боку ўезда. Акрамя таго, рака Пульва, падпёртая запрудай, стварала вялікае вадасховішча, якое ператварала замак у непрыступную крэпасць на востраве.
Галоўны ўваход.jpg    У паўночна-ўсходняй курціне размяшчаўся галоўны ўезд да замка, перад якім быў пракладзены цераз сажалку мост на палях. Ён падводзіў да двухпавярховай уязной прыземістай брамы з трыма двухстворкавымі варотамі. 
    Мураваная пабудова з магутнымі сценамі была разлічана на вядзенне абстрэлу з усіх падыходаў да замка. Закрываў доступ да варот пад'ёмны механізм, які знаходзіўся перад уязной брамай.
    Падыход да іх дастаткова добра фланкіраваўся з двух вуглавых земляных бастыёнаў і курцін, якія змыкаліся з брамай. Знутры курцін меўся падземны ход, праз які ў час аблогі можна было незаўважна пераходзіць з бастыёна ў вежу-браму. Уяздная брама была ў добрым стане прыкладна да 1-й сусветнай вайны. Яе барочны будынак, дэкарыраваны пілястрамі, выразна бачны на акварэлі Напалеона Орды і сведчыць, што і замак таксама мусіў быць выкананы ў стылі барока. [7; С.14 – 15.]
        Па перыметры абарончага вала акрамя вышэй пералічаных збудаванняў размяшчалася яшчэ шэсць невялікіх бастыёнаў.
Галоўны фасад.jpg    Будаўнікі ўмела выкарысталі правы высокі бераг ракі. Замак з усіх бакоў абкружала вада. 
      Сам замак быў драўляны і знаходзіўся на вялікай замкавай плошчы, абнесенай валамі. Каля замка знаходзіліся розныя гаспадарчыя пабудовы. 
Далей Высокае па спадчыне атрымліваюць падскарбі Бенядзікт, сын Паўла Сапегі, а ў 1700 г. яго ўнук Міхаіл. Замак шмат перанёс у час вайны Расіі з Рэчу Паспалітай (1654—1667) і Паўночнай вайны (1700—1721). У пачатку XVIII ст. Міхал Сапега разам з жонкаю Людвікай аднавілі, узмацнілі і абваднілі замак. Вакол замка яны заклалі прыгожы парк. У 1718 г. Міхаіл Сапега перадае маёнтак у арэнду Аўгусту Касцюшку Сяхновіцкаму і яго жонцы Соф'і. Менавіта з гэтага роду выйшаў вядомы кіраўнік нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 г. Андрэй Тадэвуш Касцюшка.
     Сапегі валодалі горадам тры стагоддзя. Мястэчка ў тыя часы не было глушшу. У ХУШ стагоддзі тут мелася свая рачная флатылія і па рацэ Пульве судны хадзілі ў Гданьск і назад. Існаваў фруктовы сад закладзены Сапегамі, ў якім расло 735 дрэў і кустоў вінаграду. У аранжарэях можна было ўбачыць фігавыя, цісавыя, гранатавыя дрэвы, лаўры, кусты іспанскага самшыта, не кажучы аб апельсінах і лімонах. На жаль, нічога не засталося. [12] 

Службовы дом.jpg    У 1748 г. замак ахапіў моцны пажар. 3 гэтай нагоды Сапегі перанеслі сваю рэзідэнцыю ў Слонім. Магчыма, замак быў зноў поўнасцю адноўлены. Замак існаваў яшчэ на мяжы XVIII—XIX ст., пасля чаго паступова прыйшоў у заняпад і ператварыўся ў руіны. Затое захаваўся палац, пабудаваны жонкай Паўла Сапегі Пелагеяй Потоцкай і парк, ёю пашыраны... 
    Пазнейшыя гаспадары Высокага шанавалі гісторыю сапегаўскага замка. У 1815 годзе Пелагея Патоцкая каля ста­рых муроў будуе палац і пашырае парк за межы вала. У палацава-паркавы ансамбль ўвайшлі рэшткі замкавага ўмацавання і ўязной брамы, стварыўшы арыгінальнае спалучэнне з старажытнасцю. Арыгінальная рэзідэнцыя была адбудавана ў стылі класіцызму. 
    Палацавы комплекс складаўся з трох карпусоў: цэнтральнага рэпрэзентатыўнага палаца і дзвюх бакавых аднапавярховых афіцын.
    Асноўны будынак мае сіметрычную кампазіцыю з двухпавярховай цэнтральнай часткай і аднапавярховымі крыламі. Унутраная планіроўка палаца калідорнага тыпу.
   Руіны ўязной брамы.jpg   Праз увесь корпус па падоўжанай восі светлавы праходзіць шырокі калідор, да якога з двух бакоў далучаюцца жылыя пакоі.
       Пры галоўным уваходзе меўся шырокі вестыбюль, насупраць якога размяшчалася парадная зала з выхадам у парк. 
    Пры ўездзе ў парк прывабліваюць увагу каваныя вароты з вензелямі. На пілонах раней знахо-дзіліся дэкаратыўныя вазы. 
    Гіcторыя парку налічвае некалькі стагоддзяў. Фарміраванне яго пачалося разам з будаўніцтвам замка Сапегаў з 1678 г. і працягвалася пры ўзвядзенні рэзідэнцыі Патоцкіх.      Замак і стары парк з сажалкай былі абкружаны валамі і рвамі. Новы парк закладзены ў 1-й палове XIX ст. у адпаведнасці з лепшымі традыцыямі пейзажнага стылю. Кампазіцыя парку паступова мянялася. У 1895 г. перапланіроўкай парку займаўся дасведчаны спецыяліст у галіне паркавай архітэктуры Валяр'ян Кроненберг. Пасля чаго парк набыў свой сучасны від: прама ад варот уязная алея, а некалькі правей ад варот выходзіць алея, якая вядзе ў парк. Паступова парк набыў рысы пейзажнага натуралістычнага тыпу.[4; С. 52 – 53].
    Да 2-й паловы XIX ст. Высокаўскі ключ заставаўся ва ўласнасці князя Францішка Ксаверыя Сапегі (1807—1882), сына Паўла і Пелагеі. Першы раз ён быў жанаты з Канстанцыяй Сабанскай (1814—1838), а другі — з Людвікай Пац. Ён быў апошнім з роду Сапегаў уласнікам Высока-Літоўска. Пасля 1863 г. вымушаны быў эмігрыраваць за мяжу і больш на радзіму не вярнуўся. Маёнтак па спадчыне перайшоў да яго малалетняй дачкі Марыі (1837), якая была пашлюблена з графам Станіславам Патоцкім.
    Апошнімі ўладальнікамі горада былі Потоцкія - Марыя і яе дзеці. Марыя Потоцкая ўнучка Паўла і Пелагеі не ставілася да паненак, якія праводзяць час толькі за чытаннем кніг і прагулкамі па парку. Гаспадарка Марыі Потоцкой спецыялізавалася на вытворчасці элітнага насеннага матэрыялу і дасягнула ў гэтым выдатных вынікаў. Прадукцыя графіні Патоцкай карысталася поспехам на міжнародных выставах. Яна была поўнаўладнай гаспадыняй і ператварыла маёнтак ва ўзорны. Да прыходу савецкай улады гаспадаром маёнтка быў сын Марыі Патоцкай і Станіслава Патоцкага — граф Якуб Патоцкі (1863—1934). [5; C.16] 
    Пасля прыхода ў верасні 1939 савецкай улады ў Заходнюю Беларусь палац знайшоў новых гаспадароў: у 1939-1941 гадах там знаходзіўся штаб 49-й cтралковай дывізіі Чырвонай Арміі, а ў 1944-1952 гадах штаб пагранічнага атрада. У савецкі час была моцна парушана кампазіцыя ансамбля і вельмі многае было страчана. 
Уся тэрыторыя палацава-паркавага ансамбля займае плошчу каля 20 га. На яго тэрыторыі пабудаваны жылыя дамы, гаспадарчыя аб'екты і новы будынак школы-інтэрната. У 1990-я гг. пачалася рэканструкцыя паркавага ландшафту. [10; С. 345 - 354]
Аллея конского каштана.jpg      Зараз у цэнтральнай частцы парка знаходзіцца паляна (раней гэта быў унутраны дворык замка), цяпер тут стадыён. У парку маецца крыніца. І да гэтага часу тут растуць чорная і веймутава сосны, еўрапейская і даурская лістоўніцы, заходняя туя, каштан, бук, акацыі, клёны, ясені, і дуб пірамідальны, які аб`яўлены помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. 
    Даўжэзная каштанавая алея і цяпер здзіўляе сваей прыгажосцю, а магутныя, не менш чым двухсотгадовыя дубы, маўклівыя сведкі гісторыі  тутэйшых мясцін, уражваюць сваей веліччу.
    27 сакавіка 2001 года сядзіба ўключана у Дзяржауны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей РБ у якасці гісторыка-культурнай каштоўнасці 2 катэгорыі.
       У сучасны час вядзецца падрыхтоўка пакета дакументаў для адчужэння палаца, які знаходзіцца ва ўласнасці абласнога упраўлення адукацыі. А на парк, уласнікам якога з`яўляюцца КУМПП ЖКХ “Камецнецкое ЖКХ”, падрыхтаваны праект  на кансервацыю. Вядзеца пошук інвестара.
   
    Сядзібна-паркавы ансамбль в.Грымяча.
Цэнтральны фасад палаца.jpg    Размешчана сядзіба ў маляўнічым месцы побач з вёскай Грымяча на пагорку ў выгане ракі Пульва. У палацава-паркавы ансамбль уваходзіць мураваны аднапавярховы палац, тры мураваныя гаспадарчыя пабудовы, пейзажны парк, які захаваўся часткова.
      Гісторыя фальварка     цесна звязана з Воўчынскім ключом. У пачатку XVII ст. гаспадарамі Воўчынскага маёнтка сталі нашчадкі роду Гасеўскіх. Ад Аляксандра і Евы Гасеўскіх па спадчыне Стары Воўчын і фальварак Грымяча перайшлі да іх сына Крыштофа, пазней да Тэрэзы Гасеўскай. У 1708 г. Тэрэза выйшла замуж за Казіміра Сапегу і перапісала Воўчын разам з фальваркамі Шчытнікі, Грымяча, Люта і Сяхновічы на мужа. Казімір Сапега прадаў Воўчын і Радванічы ў 1710 г. Якубу Генрыху Флемінгу і яго першай жонцы Ізабеле з Сапегаў.
    Наступным уладальнікам Воўчына і навакольных фальваркаў стаў князь Казімір Чартарыйскі. Яго дачка Канстанцыя выйшла замуж за Станіслава Панятоўскага і нарадзіла ў 1732 г. сына Станіслава Аўгуста, якому было наканавана лёсам стаць апошнім каралём Рэчы Паспалітай. Каля 1738 г. ад Станіслава Панятоўскага, а магчыма, ад яго швагра, Воўчынскі маёнтак выкупіў Фрыдэрык Міхаіл Чартарыйскі, які затым па спадчыне перадаў двор у 1812 г. сыну Канстанціну Чартарыйскаму. У 1828 г. Канстанцін прадаў Воўчынскі маёнтак на выплату даўгоў Караліне Пуслоўскай-Нарбут. Ад яе маёнтак перайшоў да Браніслава і Канстанцыі Нарбут-Марашоўскіх і нарэшце Тадэвушу Нарбуту.
Вінтавыя чыгунныя усходы.jpg    У 1862 г. фальварак купіў Юрый Гажыц, а пасля яго Грымяча набыў род Пузынаў, якія пабудавалі тут свой уласны палац. Першым вядомым уладальнікам маёнтка Грымяча быў Юзаф Адольф Марцін Пузына (1846—1914), сын Юзафа, жанаты з Марыяй Шыслай. Пасля іх фальварак Грымяча перайшоў да ўнука Эдварда (1878—1949), жанатага з Аляксандрай Храпавіцкай, які каля 1918 г. прадаў маёнтак Грымяча невядомым пакуль гаспадарам. Перад 1939 г. маёнтак быў канчаткова раздзелены. [7;C. 173 – 174.]
    Цэнтрам кампазіцыі сядзібна-паркавага ансамбля з`яўляецца невялікі сядзібны дом, архітэктура якога вырашана ў стылі класіцызму. Ён мае сіметрычную аб`ёмна-прасторавую кампазіцыю, прамаву-гольнай формы з трыма высту-паючымі рызалітамі: цэнтральным і двума бакавымі.
    У цэнтральным рызаліце маецца прасторны вестыбюль, за ім зала з выхадам ў парк. У бакавых рызалітах знаходзіліся жылыя пакоі.
    Найбольш цікавы элемент інтэр`ера – вінтавыя чыгунныя усходы з маляўнічым дэкорам на другі паверх мансарды. Палац накрываў шырокі чатырохсхільны гладкі дах.
    Палац абкружаны невялікім паркам, плошчай каля 5 га, які займае частку схілу з пагорка да р.Пульва. Сіметрычная кампазіцыя будынка адкрэслена двума буйнымі лістоўніцамі еўрапейскімі і сіметрычна размешчанай парай дрэў сасны веймутавай. У выглядзе бакавых куліс прастора фланкіравана купамі дрэў мясцовых парод. [4;С.54 – 55].
Фрагмент парку.jpg    Існавалі гаспадарчыя будынкі: сыраварня, лядоўня, бровар, пабу-даваныя пазней сядзібнага дома.
    У пасляваенны час да 1990-х гг. на тэрыторыі сядзібы знаходзіўся летні лагер для адпачынку дзяцей. Пасля высялення летняга лагера палац быў значна разрабаваны.
    У 1994 г. кінастудыя "Фокус-фільм" сумесна з польскімі і беларускімі кінематаграфістамі выкарыстоўвалі старадаўні двор для здымак кінафільма “Лета любві", знятага па матывах апавядання Івана Буніна "Наталі". Элементы памешчыцкага двара, у тым ліку - зграбная шрубавая лесвіца падкрэслівалі старадаўнюю абстаноўку эпохі, аб якой расказвала кіношная меладрама.[1]
    У 1999 г. сядзіба перададзена на баланс раённага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі з мэтай рэстаўрацыі і выкарыстання ў якасці турыстычна-гасцінічнага аб`екта. У 2005 г. сядзіба належала ОАО “Усход – Камянец”, а ў ліпені 2011 г. сядзібна-паркавы ансамбль перададзены з аукцыёна рэзідэнту СЭЗ “Брэст” СП “ВэкскоБел” ООО для узнаўлення і выкарыстання як турыстычны аб`ект.

  Сядзібна-паркавы комплекс Капылы.        
Вёска, каля якой размешчаны палацава-паркавы ансамбль, мае назву Победа.
Пярэдни фасад палаца.jpg    Маёнтак Капылы згадваецца ў гістарычных крыніцах з 1-й паловы XVI ст., як уласнасць роду Гарнастаяў . У XVII ст. Капылы перайшлі роду Копцаў. Перад паўстаннем 1863 г. маёнтак набыла Караліна Осцік-Нарбут Пуслоўская, перад 1-й сусветнай вайной гаспадарамі маёнтка сталі прадстаўнікі роду Ротаў .
    Апошнім уладальнікам быў Яўгеній Рот (1892-1940), інжынер, паручнік артылерыйскага рэзерву, які разам з братамі быў арыштаваны ў 1939 г. і расстраляны ў 1940 г.
    Сядзібна-паркавы комплекс мае дзве часткі: гаспадарчую і паркавую, якія ўключаюць сядзібны дом, гаспадарчыя пабудовы, рэшткі парку. [4;С. 55.]
    Сядзібны дом пабудаваны, верагодна, пры Ротах і закладзены ў XVIII ст. Ён уяўляе сабой аднапавярховы мураваны будынак, прамавугольнай формы з бакавым двухпавярховым аб'ёмам. Уезд да палаца быў фіксаваны 7 цаглянымі пілонамі з жалезнымі варотамі.
Копылы.jpg    3 гаспадарчых пабудоў у добрым стане знаходзяцца будынкі старой канюшні, амбар. Усе гэтыя збудаванні маюць арыгінальную архітэктуру.     Параўнальна вялікі двор з моцнымі гаспадарчымі пабудо-вамі, воднай сістэмай, якасным дрэвастоем запушчаны.
    Парк спалучае элементы рэгулярнай планіроўкі з больш пазнейшым пейзажным афармленнем і рысамі ўтылітарнага прызначэння. Цэнтральная трохрадная алея (з каштана конскага і граба) дзеліць сядзібу на гаспадарчую і паркавую зоны.
   Вуглавая паўночна-ўсходняя частка парку мае складаны састаў і абсаджана на ўскрайку групай елкі.
    Манументальнасць уезду ў сядзібу надаюць адзінкавыя дрэвы таполі канадскай, тры сажалкі, якія ўтвараюць маляўнічае воднае люстэрка, што губляецца зараз у сувязі з зарастаннем вадаёмаў. [10;С.214 – 216.]  Перад цэнтральным уваходам у палац знаходзіцца вялікі партэр.     За палацам пачынаецца сад. Уздоўж яго ў невялікую паўднёвую частку парку вядзе даволі арыгінальны прагулачны маршрут па шырокай алеі, абсаджанай пераважна каштанам конскім. Дрэвы дасягнулі вельмі вялікіх памераў і ства
раюць над пагоркам сваімі кронамі ажурны шацёр. Прагулачная алея вядзе да высокага пагорка для агляду навакольнага асяроддзя. Парк захаваўся часткова. [7; С. 174 – 175.] У сучасны момант уласнікам сядзібы з'яўляецца ОАО “Белавежскі”.                          

Спіс літаратуры:

1.               Волкович, А. Золотая лестница: [о старинной усадьбе в д.Гремяче] // Брестский курьер. – 2005. - №45.
2.               Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя: у 2 т. / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал.рэд.) [і інш.]; маст. З.Э. Герасімовіч. – Мн.: БелЭн, 2005. -  Т.1.– 688 с.: іл.
3.               Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал.рэд.) [і інш.]. – Мн.: БелЭн, 2007. – Т.4, кн.2. - 608 с.: іл.
4.               Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад. В.Я. Абламскі, І.М. Чарняўскі, Ю.А. Барысюк. – Мінск: БЕЛТА, 2009. – 684 с.: іл.
5.               Козлович, В. В поисках утраченного: [о г.Высокое] // Советская Белоруссия. – 2008. – 11 янв.
6.               Матэрыялы Рэзнічук Ірыны Уладзіміраўны.
7.               Несцярчук, Л.М. Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны X – XX стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы) / Л.Н. Несцярчук. – Мн.: БЕЛТА, 2002. – 336 с.: іл.
8.               Сабина, П. Беларусь живописная. Путеводитель / Петро Сабина. – Мн.: Беларусь, 2006. – 2003 с.: ил.
9.               Туристическая энциклопедия Беларуси / редкол.: Г.П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И.И. Пирожника. – Мн.: БелЭн, 2007. – 648 с.: ил.
10.         Федорук, А.Т.Старинные усадьбы Берестейщины / А.Т. Федорук; ред. Т.Г Мартыненко. – Мн.: БелЭн, 2004. – 576 с.: ил.
11.         Чантурия, В.А. Памятники и памятные места Беларуси. – Смоленск: Русич, 2007. – 416 с.: ил.
12.         Яскевіч, С. Багацце Высокага – яго гісторыя // Звязда. – 2005. – 22 февр.


 

 


© 2011. Каменецкая центральная районная библиотека им.В.М. Игнатовского