Вход Регистрация
О насБиблиотека
детям
Читателям Филиалы Информационные
ресурсы
Новости
и события
Методическая
копилка
Краеведение Контакты Гостевая
книга
Пісьменнік. Зямляк. Чалавек.

ПІСЬМЕННІК. ЗЯМЛЯК. ЧАЛАВЕК.

 

Сцэнарый вечара-партрэта У. В. Гніламёдава, пісьменніка-зямляка, беларускага крытыка і літаратуразнаўца

(да 80-годдзя з дня нараджэння)

    

Да мерапрыемства аформіць выставу-апавяданне “Акадэмік з Камянеччыны”.

 

Сцэна прыбрана вышыванымі ручнікамі.   На стале, засланым ільняным абрусам, — букет кветак.

 

Гучыць беларуская музыка на цымбалах (выконваюць дзеці школы мастацтваў). На фоне музыкі чытальнікі чытаюць верш.

 

1 чытальнік: Ты змалку ўбачыў свет нявузкі,

              Адчуў, што нам зямля дае.

              Як твой герой у вёсцы Прускі,

              Жывуць там землякі твае.

 

              І на сяўбе ты знаў на полі,

              І ў росным лузе на касьбе,

              Што неба і зямля ў суполлі

              Змясціліся ў самім табе:

 

2 чытальнік:   Праменне яснае зарніцы,

                Птушыны спеў і звон касы,

                Вада сцюдзёнае крыніцы

                І пах крамянае расы.

 

               Агеньчык белага рамонка

               Ў душы чуллівай на ачах,

               І жар рабінавае гронкі

               Запёкся на тваіх губах.

 

1 чытальнік: Паветра і садоў карэнне

              Сплялося ўсё ў вузле адным,

              Прарослае ў зямлі насенне,

              Што сеяна табой самім.

 

             Твая зямля – ў жыццё сцяжынка,

             Якой увесь свой век ідзеш.

             А ты і сам – яе часцінка,

             Бо ўсё ў ёй, як і гэты верш.

 

            Вось так мужнеем год ад года

            У няспыннай мы хадзе сваёй.

            У нас саміх уся прырода

            З усёю роднаю зямлёй.

 

        Прыходзька, П. На роднай зямлі //Уладзімір Гніламёдаў: “Заставацца сабой…”. – Мн., 2012. – 574с.

 

                 Ціха гучыць класічная музыка.

Вяд. 1.  Багата на таленты Камянецкая зямля. Тут нарадзіліся вядомыя пісьменнікі, мастакі, палітычныя, грамадскія, рэлігійныя дзеячы, вучоныя.

І сёння наша размова пойдзе пра зычлівага чалавека, пісьменніка, крытыка, літаратуразнаўцу, доктара філалагічных навук, прафесара, акадэміка самай галоўнай і прэстыжнай навуковай установы рэспублікі – Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, нашага земляка   Уладзіміра Васільевіча Гніламёдава.

          Вяд. 2. “Здавалася, ён прыйшоў з сівой легенды, з тых волатаў, што стагоддзі таму нараджала наша зямля. Калі б трэба было апісаць яго адным словам, я сказала б: “магутны”. Усё ў ім: веліч духу, моц паставы і лагоднасць погляду…”, так напісала пра Уладзіміра Гніламёдава Таццяна Сівец на старонках штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”.

Вяд. 1. Уладзімір Гніламёдаў нарадзіўся 26 снежня 1937 г. у   вёсцы Кругель Камянецкага раёна ў сялянскай сям'і. Дзяцінства яго прайшло на ўлонні прыроды, у сялянскіх клопатах. “Дзед і баба – мае духоўныя бацькі, яны мяне выхоўвалі, і я ім за гэта бясконца ўдзячны”, - гаварыў У. Гніламёдаў.

Вяд. 2. У 1944 годзе Уладзімір Васільевіч пайшоў у першы клас Кругельскай сямігодкі. Пасля заканчэння ў 1954 годзе дзесяці класаў, марыў стаць геолагам, але прага да літаратуры ўзяла верх і прывяла юнака ў Брэсцкі педінстытут  на філалагічны факультэт, выбраўшы тым самым на ўсё жыццё шлях у свет мастацкай літаратуры.   Пасля   заканчэння інстытута некаторы час працаваў завучам у Тамашоўскім дзіцячым доме і адначасова выкладаў мову і літаратуру ў мясцовай васьмігодцы.

 Вяд. 1. З 1959 па 1961 г. служыў у радах Савецкай Арміі. Пасля дэмабілізацыі  працаваў настаўнікам у Камароўскай сярэдняй школе на Брэстчыне. Гэта былі добрыя жыццёвыя ўніверсітэты, у якіх малады філолаг спасцігаў складанасць людскіх характараў, шматграннасць жыццёвых праяў.

 Вяд. 2. У 1962 г. Уладзімір Васільевіч паступіў у аспірантуру Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, дзе праз чатыры гады паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю “Праблема традыцый і наватарства ў сучаснай беларускай лірыцы” і стаў малодшым навуковым супрацоўнікам.

  З 1969 па 1976 год У. В. Гніламёдаў на партыйнай рабоце -  працаваў інструктарам, а потым, загадчыкам сектара мастацкай літаратуры   ЦК КП Беларусі.

З 1972 года Уладзімір Васільевіч -  член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Вяд. 1. З 1976 года Уладзімір  Гніламёдаў – намеснік дырэктара і адначасова загадчык аддзела Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН Беларускай ССР. У 1987 годзе абараніў доктарскую дысертацыю па тэме  “Сучасная беларуская паэзія: творчая індывідуальнасць і літаратурны працэс”, у 1991-м – атрымаў званне прафесара.

Вяд. 2. З 2006 года Уладзімір Васільевіч – галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Я. Купалы, з 2008 года – галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Вяд. 1. З 1962 года, будучы яшчэ аспірантам-філолагам, пачаў друкавацца ў перыёдыцы.

У. В. Гніламёдаў напісаў больш як 300 навуковых, літаратурна-крытычных артыкулаў і рэцэнзій, звыш дзесятка манаграфічных прац і кніг крытыкі. Цікавяць яго пытанні тэорыі і гісторыі літаратуры, праблемы развіцця беларускай паэзіі, даследаванне яе нацыянальнай спецыфікі, жанравай і стылевай разнастайнасці.

 

Чытальнік: …Быў добразычлівым і шчырым,

                      любіў вершаванае слова,

                      і родная матчына мова

                      гучала жалейкай і лірай.

 

                      Ён стаў вершазнаўцам і творцам.

                      Вялі ідэалы – як сонцы.

                      быў сам сабе – строгі прысуд!

 

                      Код поспеху – талент і праца!

                      Цяпер ён разважлівы зубр

                      айчыннага лірыказнаўства!

 

        Барысюк, Т. Зубр айчыннага лірыказнаўства : санет да 75-годдзя літаратуразнаўцы і празаіка Уладзіміра Гніламёдава // ЛІМ. – 2012. – 28 снеж.

Вяд. 2. Сярод значных навуковых дасягненняў У. В. Гніламедава –   серыя творчых партрэтаў класікаў беларускай літаратуры і выдатных пісьменнікаў сучаснасці: І. Мележа, В. Зуёнка, Я. Купалы, П. Броўкі, М. Танка, К. Кірэенкі, А. Пысіна, Г. Бураўкіна, Б. Сачанкі, А. Куляшова, М. Лужаніна, П. Панчанкі, С. Дзяргая, П. Макаля, І. Новікава, Н. Гілевіча, Р. Барадуліна, А. Вярцінскага, Ю. Свіркі, А. Грачанікава, Я. Янішчыц, Е. Лось. 

Вяд. 1. У 1996 г. за кнігу "Янка Купала: Новы погляд" вучоны быў удастоены   Літаратурнай прэміі ў галіне крытыкі імя У. А. Калесніка. Сярод іншых узнагарод У. В. Гніламёдава – навуковых і дзяржаўных – таксама прэмія Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2005 г.) і ордэн Францыска Скарыны (2009 г.).

 Вяд. 2. Каштоўным набыткам літаратуразнаўчай навукі стала, выдадзеная ў 1999–2003 гг., чатырохтомная "Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя" ў пяці кнігах. Уладзімір Васільевіч -  адзін з яе аўтараў і рэдактараў. На сённяшні дзень гэтае фундаментальнае выданне застаецца для навукоўцаў, выкладчыкаў і студэнтаў асноўнай крыніцай вывучэння надзвычай складанага перыяду развіцця нацыянальнага мастацтва слова.

Чытальнік

 

Паклон табе, мой беларускі краю!

Ты — мой, я - твой: ад роду і навек.

Я зноў і зноў да сэрца прыкладаю

Твой ліст дубовы - як чароўны лек.

 

За хлеб, што ем, за песні, што спяваю,

За шчасце звацца іменем тваім -

Паклон табе, мой родны краю!

Ты - мой, я - твой: усюды і ва ўсім!

Паклон табе, мой беларускі краю!..

У выкананні навучэнцаў Камянецкай школы мастацтваў гучыць беларуская песня

         Вяд. 1. У гісторыю беларускай літаратуры Уладзімір Васільевіч Гніламёдаў увайшоў не толькі як аўтарытэтны літаратуразнаўца, выдатны крытык, але і як таленавіты пісьменнік. Менавіта свае мастацкія творы лічыць ён асноўным дасягненнем у жыцці. 

         Вяд. 2. Уладзімір Гніламёдаў  добра ведаў жыццё, яго глыбінныя крыніцы. Камянецкая зямля і роднае паселішча, жыццё землякоў і ўласнага роду далі літаратуразнаўцу, крытыку Уладзіміру Гніламёдаву багата матэрыялу для роздуму.

         Найбольш адчувальна сувязь з “малой радзімай” выявілася у раманным цыкле, створаным Гніламёдавым у апошнія гады. Раманны цыкл аб’ядноўвае творы “Уліс з Прускі” (2006), “Расія” (2007), “Вяртанне” (2008), “Валошкі на мяжы” (2014), “Вайна” (2014) і стаў сапраўднай культурнай з’явай краіны. Раманы цыкла ўяўляюць сабой своеасаблівую сагу, гісторыю роду, галоўны герой якой мае рэальнага прататыпа – дзеда пісьменніка Лявонція Міхайлавіча Сцепанюка. У раманах увасобілася складаная, пакручастая, а часам і драматычная гісторыя роднага краю. Гэта старажытная зямля,  размешчаная на скрыжаванні вялікіх шляхоў,  спазнала на працягу мінулага стагоддзя вялікія ўзрушэнні. Пісьменнік паказаў праз гісторыю адной сям’і гісторыю ўсяго краю, праз біяграфію аднаго чалавека – лёс многіх людзей.

        Вяд. 1.  Усё прываблівае чытача ў рамане “Уліс з Прускі”: манера аўтара распавядаць, апісанне прадметаў, мясцовасці, нам знаёмай і блізкай, гістарычныя факты, пазнавальны змест.

Чытач чытае тэкст (урывак з рамана “Уліс з Прускі”). Адначасова ідзе мультымедыйнае прадстаўленне ўрыўка (прыкладаецца). На праэктары з’яўляюцца застаўкі сялянскага жыцця  таго часу, карціны прыроды, Камянецкая башня і інш.                    

                                Ціха гучыць музыка.

    Адрывак з рамана “Уліс з Прускі”: ( …Спачатку з недаверам, а потым з радасным захапленнем глядзеў дзед Кірыл, як унук спасцігае грамату, навучаецца чытаць і пісаць. Лявонка сярод іншых здаў усе экзамены на выдатна і атрымаў пахвальны ліст. Гэта і вырашыла яго лёс вучыцца далей. Сям’я Кужалёў вырашыла аддаць Лявонку ў народнае вучылішча ў Камянец. За вячэрай вырашылі, што назаўтра ў Камянец Лявонку павязе дзед Кірыл…

Між тым падвода з седакамі дабралася да самага верху гары, адкуль на адлегласці чатырох-пяці вёрст перад імі адкрылася дзіўнае відовішча — Камянецкі стоўп.

— Што гэта?

— Камянецкі стоўп, унучак. Мястэчка ўжо недалёка.

— А калі яго паставілі?

— О-о, гэта даўно было, не пры нашай памяці. Князь нейкі… У вучылішчы з навук дазнаешся!

— А нашто ён?

— Край наш бароніць!

Мясцовыя жыхары добра-такі прывыклі да гэтай сваёй славутасці і, як часта ў такіх выпадках здараецца, прызвычаіўшыся, забылі пра яе і пра яе гісторыю. Стоўп узвышаўся над усім наваколлем, велічна пазіраючы на чалавечае жыццё-быццё, якое няспешна рухалася ў зачараваным коле часу. Лявонка бачыў стоўп упершыню, і першае ўражанне было чамусьці вельмі хвалюючым. Здалёк, з-за Камянца, неяк раптоўна выкаціўся асляпляльна яркі шар сонца. Дуга, і конская грыва, і лейцы, і нават дзедава барада — усё заззяла дзівосным прамяністым золатам і як бы адарвалася ад зямлі і завісла над стромай гары. Тварыўся нейкі цуд. І невядома, як бы доўга гэта цягнулася, каб не Кірыла, які, відаць, нічога не заўважыўшы, прыземліў яго летуценні.

— Зараз будзе Ліпна, а там — Мікалаева і, лічы, Камянец.

Спускаючыся з Бабіцкай гары, воз даводзілася прытрымліваць за лютні, настолькі круты быў нахіл.

— Дзедо, а нашто чалавек жыве? — раптам спытаў Лявонка, калі яны праехалі Ліпну.

Кірыла здзівіўся нечаканасці ўнукавага пытання (спытае — як стрэліць) і цярпліва памаўчаў. А што на яго можна было адказаць?

— Цяжкае пытанне! Вось будзеш, таго, вучыцца, дык, можа, у кніжках і вычытаеш.

Толькі каб прынялі! Камянецкае чатырохкласнае вучылішча было недасягальнай марай для селяніна. Вядома, за вучобу трэба было плаціць, але для некаторых вучняў рабілася выключэнне – яны вучыліся за дзяржаўны кошт. Пашанцавала і Лявонку. Да гэтага ён скончыў двухкласную царкоўнапрыходскую школу ў роднай вёсцы.

Паказаліся першыя будынкі.

— Камянец! — усхапіўся Лявонка.

— Не, гэта яшчэ не мястэчка, — супакоіў Кірыла, — гэта Замасты, вёска.

Паабапал вуліцы стаялі звычайныя хаты, хлявы, прыбудовы, зелянелі агародныя грады. У гародчыках цвілі-асыпаліся апошнія вяргіні. Замасты аддзелены ад Камянца ракой Лосьнай, якая тут раздзяляецца ажно на тры рукавы. Над кожным пракладзены драўляны мост. Унізе, на яшчэ зялёных паплавах, хадзілі чароды гусей. Адолеўшы апошні мост, нашы падарожнікі апынуліся на местачковым бруку. Загрукаталі аб каменні колы, грукат перадаўся целу, павялічыўшы непрыемную дрыготку.

Камянец — тыповы беларускі сярэдневяковы гарадок — мястэчка, заснаванае яшчэ ў 13 стагоддзі. Тады ж валынскім князем Уладзімірам Васількавічам быў пабудаваны славуты Камянецкі стоўп — высокая абарончая вежа, від на якую адкрыўся нашым падарожнікам з Бабіцкай гары. Мястэчку ў Вялікім княстве надавалася немалое дзяржаўнае значэнне. Гадоў трыста назад па яго забрукаваных вуліцах звінелі конскія падковы вялікалітоўскіх рыцараў, якіх тут называлі драбамі.

Магдэбургскае права Камянец займеў гэта  на пачатку 16 стагоддзя. Розным веравызнанням адпавядалі царква, касцёл, сінагога. Са шматлікіх крамаў плацілі падатак на карысць мястэчка, яно патроху расло, добраўпарадкавалася. У 16 стагоддзі Камянец па колькасці насельніцтва — пяць тысяч чалавек — не саступаў Берасцю. Праводзіліся тут рыцарскія турніры, у адным з якіх браў удзел прынц Ланкастэрскі Генрых — будучы кароль Англіі.

Не адна вайна пракацілася праз старажытны Камянец. Не раз мястэчка рабавалі шведы. Шмат шкоды нарабілі маскоўскія стральцы: спалілі замак, ратушу,  царкву і большую часць дамоў.

Мястэчка ўсё ж такі адбудоўвалася, але часы мяняліся і лёс яму не спрыяў. Чыгуначныя дарогі, якія звязалі Берасць з многімі гарадамі пакінулі Камянец убаку, і ён застаўся вельмі бедным і нязначным мястэчкам Брэсцкага павета. Жыло тут народу тысячы чатыры. Жыхары мястэчка моцна трымаліся свайго мяшчанскага саслоўя. У Камянцы жылі рамеснікі, гандляры,  ўсіх цяжка і пералічыць. Каля палавіны з іх – яўрэі. Местачкоўцы  зямлёй не займаліся, і зямлі ў іх, па сутнасці, не было. Тут знаходзіліся базар, млын, сыраварня. Камянецкія кірмашы збіралі шмат народу, з усяе акругі. На іх можна было купіць усе патрэбныя жыццёвыя прыпасы. І чаго толькі не прывозілі – соль, мёд, збожжа, сала, шэрсць, скуры, дзёгаць, махорку. Хапала тут і пастаялых двароў – было іх з паўсотні. Адзін з іх і выбраў Кірыла. Орлік пакіраваў у двор да знаёмага местачкоўца яўрэя Нохіма, які займаўся шавецтвам і жыў адразу за трэцім мостам па Рымарскай вуліцы. Нохім асабліва славіўся ўменнем шыць дабрэнныя боты. Усю ноч можаш прастаяць у вадзе, а ногі будуць сухія. Конь добра ведаў гэты маршрут і ахвотна павярнуў у звычным кірунку, дзе паміж высокіх дрэў стаяла крытая пазелянелай гонтаю хата).

Вяд. 2.  Шмат уражанняў было ў Лявонкі, калі ён, трохі павучыўшыся, прыехаў дадому…

 “Прыезд Лявонкі дадому”: інсцэніроўка адрыўка рамана “Уліс з Прускі”:


Прыезд  Лявонка дадому.

Асобы:

Лявонка – хлопчык

Марыля – маці

Міхаль – бацька

Тоня - сястра

Фядорка - сястра

Кірыла - дзед

Дзея адбываецца ў сялянскай хаце. Печ, лаўкі, стол, калыска.

Лявонка, адзеты у кажух і шапку, ўваходзіць у хату. Яму насустрач бягуць сёстры Тоня  з Фядоркай і маці.

Фядорка: Лявонка, Лявонка, брацік!..

Тоня:(занепакоеным голасам, аглядаючы Лявонку) Ой, схуднеў ён як!

(У хату ўваходзяць дзед з бацькай, абнімаюцца з Лявонкай. Сядаюць за стол. Маці завіхаецца каля печы, збірае на стол).

Маці: Тоня, пакалышы малую! (Звяртаецца да Лявонкі). Ты, відаць, там самы малы?..

Лявонка: (усміхнуўшыся) Не, ёсць каторыя і меншыя за мяне.

(Маці ставіць саганок бульбы на стол,  бацька рэжа хлеб).

Тоня: Учора Ганна Васілішына пыталася, калі ты прыедзеш?

(Лявонка апусціў голаву, расчырванеўся)

Дзед Кірыл: (абараняючы ўнука) Нашла пра што казаць! Можа , яму гэта не цікава…

(Усе паблажліва смяюцца)

Маці: (звяртаецца  да Тоні) Ганна – хаўрусніца твая. Вы, відаць у змове! Рана яму яшчэ пра дзяўчат думаць, хай з навукай управіцца. (Звяртаючыся да сына) Раскажы лепш, сынок. Што там у Камянцы!

Лявонка: У Камянцы газавы ліхтар стаіць – ноччу светла, як і ўдзень.

Бацька: (здзіўлена) А навошта ноччу святло? На тое і ноч, каб цемна было!

Дзед Кірыл: (разважліва) А як злодзеі? Пры святле красці  не пойдуць!

(Усе згодна заківалі галавамі)

Лявонка: (разважліва) Ой, марудна цячэ ў вас жыццё!

Бацька: ( пасміхаючыся) Гэта табе пасля  Камянца так здаецца, а мы прывыклі.

Дзед Кірыл:(аспрэчыў сына) Не-е, мяняецца свет. Як  ні кажы. А ўсе неяк інакш стала!

Маці: (не зразумела свёкра) Пра што гэта вы, тато?

Дзед Кірыл: Мяняецца, кажу, свет, толькі я пакуль што не магу ўцяміць, у які бок… Некалі былі людзі здоровыя – ўсю зіму хадзілі з голай грудзінай і нічога! А цяпер…Не ўспее вецер павеяць, а ўжо хворы.

Маці:(уздыхнуўшы) Усе ад Бога. А як там твае гаспадары, сынок? Кажуць, што падлогу яны самі не мыюць, а наймаюць Прузыну з Замастоў?

Бацька: Што ж ты хочаш – местачкоўцы.

Лявонка: Ходзіць Прузына, і я часам дапамагаю.

Маці: (дапытліва) Ты ім, кажуць, і печы паліш?

Лявонка: Палю, калі кажуць! У шабас. І ваду нашу…

Дзед Кірыл: (разважліва) Чалавек вучыцца быць сярод людзей.

Лявонка:  Людзі яны не благія, але дома ўсё ж такі вальней сябе пачуваеш. (крыху памаўчаўшы) У іх свой клопат, наша іх не цікавіць. Толькі дзяцька Нохім часам распытвае.

Маці: (зацвяржальна) Жыды – разумныя!

Бацька: (смяючыся) Хітрыя, мужыка  ўраз надуюць…

Дзед Кірыла: (жартуючы) А ты не  паддавайся!

Лявонка: (працягвае) У субботу ляжаць ажно да заходу сонца. Вера ў іх  такая.

Маці: Я пра гэта чула! (пытаючыся)  А абедаць хоць устаюць?

Лявонка: Чаму ж не?! У духоўцы смажаная курыца чакае.

Бацька: Ого!

Лявонка : Ад звычаяў сваіх не адступаюць. Пані Малка, купляючы на базары яйкі, абавязкова пытаецца, калі іх знесла курыца. Калі ў суботу, то звычайна адмаўляецца.

Дзед Кірыл: Сказана ж, таго, не чалавек дзеля суботы, субота дзеля чалавека.

Бацька: (засцерагаючы) Глядзі. З жыдамі жывеш – каб веры іх не пераняў.

Дзед Кірыл: (пагладзіў бараду) Заходзіў я ў Камянцы ў іх царкву – пуста, адны сцены, не так як у нас.

Марыля(зацвярджальна): У нашай царкве прыгожа!

Бацька:  (з сумннем) Хто  яго ведае, ці ёсць той Бог (ні на кога не гледзячы).

Дзед Кірыл:  Ёсць! Але нават калі і ёсць. Дык сёння людзі яго не надта баяцца. У Камянцы, я вам ўжо расказваў, Лейка – Нохімава дачка – з праваслаўным пабраліся, і нічога. Хоць усе былі супраць – і бацькі, і рабін.

Лявонка : (сцвяржальна) Гэта – праўда!

Маці: Дык жа ўцяклі  некуды! Не проста так…

Лявонка: (заспакойваючы) Знайшліся! У Берасці.

(Прысутныя ажавіліся)

Маці:(узрадаваўшыся) Знайшліся-такі!

Лявонка: У кравецкай майстэрні працуюць! І ён і яна…

Дзед Кірыла: Не прападуць! ( упэунена) Свет, як ні кажыце, літасцівы да чалавека.

 Вяд. 1.  Хочацца адзначыць, что раман “Уліс з Прускі” на рэспубліканскім літаратурным конкурсе, які праходзіў у рамках Дня беларускай пісьменнасці ў верасні 2007 г. у Шклове, быў прызнаны лепшым беларускім мастацкім творам у галіне прозы.                      

Вяд. 2. З нагоды юбілею ў 2012 годзе ў выдавецтве “Чатыры чвэрці” выйшла кніга “Уладзімір Гніламёдаў: «Заставацца сабой... “. Кнігу склалі артыкулы, рэцэнзіі і нарысы вядомых і аўтарытэтных крытыкаў і літаратуразнаўцаў, пісьменнікаў і журналістаў, што выяўляюць духоўна-філасофскія і сацыяльна-маральныя асновы і прынцыпы  жыцця і творчасці Уладзіміра Васільевіча Гніламёдава.

Вяд. 1.  Уладзімір Васільевіч шмат увагі надае праблемам і практычным патрэбам сярэдняй і вышэйшай школы. Ён неаднаразова ўзначальваў дзяржаўныя камісіі па абароне дыпломных работ,  пад яго кіраўніцтвам і пры яго асабістым удзеле былі складзены праграмы, напісаны дапаможнікі па беларускай літаратуры для ВНУ.

У. В. Гніламёдаў уваходзіць у склад рэдакцыйных саветаў і калегій навуковых і літаратурна-крытычных перыядычных выданняў "Полымя", "Беларуская думка", “Весці НАН Беларусі”, "Веснік гуманітарна-эканамічнага ўніверсітэта" і інш.

Вяд. 2. Уладзімір Васільевіч Гніламёдаў карыстаецца аўтарытэтам і заслужанай павагай сярод калег, айчынных і замежных вучоных і пісьменнікаў. Ён – член савета па абароне доктарскіх дысертацый пры Інстытуце літаратуры імя  Янкі Купалы НАН Беларусі.  Прымае актыўны ўдзел у грамадска-культурным і навуковым жыцці краіны: выступае на міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцыях, творчых форумах і літаратурных вечарынах, у сродках масавай інфармацыі ўздымае праблемы, што непакояць яго і як даследчыка літаратуры, і як грамадзяніна, і як чалавека.

 Вяд.1. У кастрычніку 2017 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзіміру Васільевічу Гніламёдаву прысвоена Ганаровае званне: “Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь”.

 Вяд. 2.  Магчыма, прыход У. Гніламёдава  ў навуку і літаратуру – гэта наканаванасць лёсу, пра які Уладзімір Васільевіч выказаўся так: “Лёс існуе і ў яго даводзіцца верыць. Безумоўна, кожны чалавек надзелены свабодай волі і выбару. Гэта так бы мовіць, неад’емныя прывілеі кожнага з нас. Але ёсць яшчэ мары, памкненні, жаданні. Так і ўтвараецца лінія лёсу”.

Вяд. 1.  Мы шчыра зычым Уладзіміру Васільевічу моцнага здароўя, плёну,   новых здзяйсненняў і  адкрыццяў. Няхай родныя словы накладаюць часцінкі святла і радасці на  жыццё, а лёс і надалей будзе добразычлівы да яго.

 

    

Літаратура:

 

1. Барысюк, Т. Мой першы настаўнік // ЛІМ. – 2012. - 28 снеж.

2. Знакавае імя ў беларускай літаратуры // ЛІМ. - 2012. – 28 снеж.

3. Раманчук А. Сапраўднасць таленту: акадэмік, педагог, празаік – Уладзімір Гніламёдаў // Род. слова. – 2007. - № 12. – С. 16 – 17.

4. Сівец, Т. Пра людзей гаварыць з людзьмі… // ЛІМ. – 2007. – 28 снеж.

5. Уладзімір Гніламёдаў: “Заставацца сабой…”. – Мн., 2012. – 574 с.

 

 

Складальнікі сцэнарыя:                 С. Г. Супруновіч, Г. П. Жэдзік

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

© 2011. Каменецкая центральная районная библиотека им.В.М. Игнатовского