У творчасці кожнага мастака ёсць свая самая галоўная тэма душы. Для графіка і жывапісца Міхаіла Карпука – гэта ўслаўленне прыгажосці роднай прыроды.
Нарадзіўся Міхаіл Андрэевіч Карпук 5 сакавіка 1930 года ў маляўнічай вёсачцы Мыкшыцы Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. У 1948 г. паступіў, а ў 1956 годзе скончыў Мінскае мастацкае вучылішча. У гэтым жа годзе паступіў у Маскоўскі паліграфічны інстытут, дзе сярод іншых дысцыплін выкладалі малюнак. Вучыўся Міхаіл Карпук у Л. Лейтмана, К. Касмачова. З удзячнасцю ўспамінае любімага педагога – цудоўнага графіка А. Ганчарова.
З 1956 па 1970 гады Карпук працаваў мастаком-пастаноўшчыкам на Беларускай студыі тэлебачання. Тут ён паставіў свае першыя спектаклі, працаваў над кінафільмамі, аснашчаў канцэртныя студыі.
З 1972 па 1983 гады Карпук працаваў мастаком-пастаноўшчыкам на Беларускай студыі тэлебачання. Тут ён паставіў свае першыя спектаклі, працаваў над кінафільмамі, аснашчаў канцэртныя студыі. З 1972 па 1983 гады Карпук працаваў мастаком-пастаноўшчыкам на кінастудыі “Беларусьфільм”. Аформіў значную колькасць тэлеперадач, пастановак, зрабіў мноства эскізаў дэкарацый да тэлеспектакляў і кінафільмаў. З 1980 года Карпук з’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў, творчага аб’яднання “Спадчына”. Яго прозвішча стаіць у тытрах фільмаў “Уся каралеўская раць” (1970), “Парашуты на дрэвах” ( 1973), “Апошняе лета дзяцінства” (1974), “Тры вясёлыя змены” (1977), “Спытай сябе” (1976), “Жалезныя гульні” (1979), “Канец бабінага лета” (1983). Ён аформіў тэлепастаноўкі “Моцарт і Сальеры” (1956), “Суд” (1958), тэлеспектаклі “Сымон-музыка” (1958), “Сэрца на далоні” (1964), “Ткачы” (1969), “Песня музыканта” (1958), “Якаў Багамолаў” (1959), “Крах” (1966).
Шырокую вядомасць Карпуку прынеслі шматлікія графічныя і жывапісныя творы. Аблюбаваная тэма мастака – беларускі пейзаж. У дачыненні да яго Міхаіл Карпук называе сябе адналюбам. Сапраўды прыхільнасць мастака да краявідаў Бацькаўшчыны не можа не кранаць. Ён шмат разоў пісаў пейзажы Берасцейшчыны і іншых куточкаў Беларусі.
Нішто так не кранае душу, як прыгажосць “малой” Радзімы мастака. Адзін з яго пейзажаў “Там маё дзяцінства” (1985) – пятляючая сярод палёў дарога – дарога яго дзяцінства, вядучая з роднай вёсачкі Мыкшыцы, адкуль ён пайшоў у вялікі свет мастацтва.
Мноства карцін Міхаіл Карпук прысвяціў порам года, тонка прымячаў нюансы прыродных з’яў: “Сонечны дзень” (1978), “Пахмурны дзень” (1977), “Слуцкі матыў” (1980), “Рака Бобр” (1981), “Матыў вясны” (1991), “Срэбраная зіма” (1993), “Подых вясны” (1995), “У родным краі” (1997) і іншыя.

На многіх палотнах мастак выяўляў не толькі мясцовыя пейзажы, але і выдатныя мясціны роднага краю “Капліца Св. Барбары ў Высокім” (1967), “Высокаўскі Троіцкі касцёл” (1973).
Манументальная серыя краявідаў Міхаіла Карпука , што налічвае сотні твораў, - гэта не проста прыгожыя замалёўкі з натуры, яны даюць вялікую пазнавальную інфармацыю і складаюць графічную панараму роднай зямлі, вясковага жыцця, культурнай спадчыны народа: “Навагрудскае замчышча” (1981), “Мірскі замак” (1983), “Восеньская раніца” (1994), “Хутар” (1995), “Навальніца” (1996), серыя “Па месцах радзімы Хруцкага” (1997 – 98), “Зіма прыйшла” (2007).

Міхаіл Карпук аформіў літаратурна-мемарыяльны Дом-музей А. Міцкевіча ў г. Навагрудку (1970 – 1971 гг.).
Вось ужо многа гадоў Міхаіл Карпук жыве ў Мінску, але сэрца яго належыць родным мясцінам. І не толькі яго… Нават зараз майстэрню Карпука наведваюць землякі, даўно асеўшыя за мяжой, і вязуць з сабою высокаўскія замалёўкі, як бясцэнныя рэліквіі. Лепшыя творы М. Карпука знаходзяцца ў музеях і прыватных калекцыях у Польшчы, Германіі, Бельгіі, Даніі, Велікабрытаніі, Італіі, ЗША, Канадзе, Турцыі, Ізраіля, Сірыі, Швецыі, Расіі. Яго творы неаднаразова экспанаваліся ва многіх гарадах Беларусі, у тым ліку г. Высокае Камянецкага раёна.
У старым куточку Мінска, у “Троіцкім прадмесці” знаходзіцца творчая майстэрня М. Карпука, утульная і светлая, як і яго творы, якія даруюць нам радасць і адчуванне вельмі сур’ёзнага, глыбокага, значнага – судакранання з роднай прыродай, з неўміручым вобразам Радзімы.
Літаратура:
1. Карпук Міхаіл Андрэевіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал. : У. Ю. Аляксандраў [і інш.]. Мінск, 2013. Т. 4. С. 387.
2. Карпук Міхаіл Андрэевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн., 1999. Т. 8. С.97.
3. Карпук Михаил Андреевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Мн., 2009. Т. 1, кн. 1. С.449.
4. Карпук Михаил Андреевич // Художники советской Белоруссии. Мн., 1976. С. 165.
5. Міхал Карпук = Mikhal KARPUK : [Каталог]. Менск, 2001. 44 с.
6. Карпук Міхаіл Андрэевіч // Памяць : Камянецкі раён / рэд.-склад. Г. Парафянюк. Мн., 1997. С. 509.
7. Данилова, Е. Признание родной земле…/ Е. Данилова // Заря. 2009. 17 января. С. 7.
8. Бунеева, Л. «В искусство я проскочил на паровозе!» : [штрихи из жизни художника М. Карпука] / Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 2008. 15 октября. С. 5.
9. Рэзнічук, І. Мастак, які нарадзіўся ў Мыкшыцах : [М. А. Карпук] / Ірына Рэзнічук // Навіны Камянеччыны. 2008. 22 кастрычніка. С. 3.
10. Валаховіч, А. З беларускіх дарог : [пра творчасць мастака М. Карпука] / А. Валаховіч // Літаратура і мастацтва. 2007. 16 лістапада. С.10.