
Мікалай Маеўскі нарадзіўся 1 сакавіка 1950 года ў пушчанскай вёсцы Дварцы Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Яго бацька, Аляксей Кірылавіч, паходзіў з-за Віслы, а ягоны прадзед пасяліўся ў Белавежы, ажаніўся на мясцовай сялянцы, а праз некаторы час назаўсёды перабраўся жыць у Дварцы. Маці, Надзея Уладзіміраўна, з роду Шахалевічаў, паходзіла з другой пушчанскай вёскі Ясень (Пружанскі раён), дзе яе бацька быў на пасадзе зубровага.
Да малявання Міколу Маеўскага падахвочваў бацька, які быў чалавекам, здольным да ўсякага рамяства, а першыя ў жыцці будучага мастака фарбы і пэндзаль набыла яму маці. Менавіта ў родных Дварцах нарадзіліся першыя малюнкі Міколы Маеўскага.
Ён скончыў Дварцоўскую васьмігодку, затым — сярэднюю школу ў Камянцы. Тэрміновую вайсковую службу праходзіў у горадзе Міргарад (Украіна).
З дзяцінства, акрамя малявання, Мікола Маеўскі вельмі захапляўся морам. І гэтая мара прывяла яго пасля заканчэння школы ў Ленінградскую мараходную школу. Далей матросам плаваў на савецкіх гандлёвых суднах у шматлікія краіны свету. І ў марскіх паходах Мікола не разлучаўся з эцюднікам і фарбамі.
У 1975 годзе Мікола Маеўскі паступіў у Ленінградскае мастацкае вучылішча імя У. Сярова, якое скончыў у 1979 годзе.
Пасля заканчэння мастацкага вучылішча Маеўскі вярнуўся ў Беларусь і пасяліўся ў горадзе Брэсце. Ён уладкаваўся на працу ў мастацка-вытворчы камбінат. Абласное аддзяленне Саюза мастакоў выдзеліла Маеўскаму майстэрню. Гэта надало яму, як творцы, упэўненасці ў сваіх сілах і мастацкіх здольнасцях.
У 1987 годзе Мікола Маеўскі стаў членам Саюза мастакоў. З 1989 па 1991 гг. ён быў старшынёй праўлення Брэсцкай абласной арганізацыі Саюза мастакоў. Было наладжана плённае супрацоўніцтва і сяброўства з мастакамі Германіі і Польшчы, праходзілі міжнародныя пленэры.
У канцы 1980-х — сярэдзіне 1990-х гадоў Мікола Маеўскі займаўся актыўнай грамадскай дзейнасцю. У гэты ж час мастак цікавіўся гісторыяй Беларусі, этнаграфіяй, археалогіяй, стварыў асабісты музей-майстэрню. Прыйшло захапленне пляценнем саломкаю.
Спалучэнне экалагічнай, пленарнай дзейнасці не магло не адбіцца на творчасці мастака Міколы Маеўскага. Арыгінальнай з’яўляецца манера пісьма, якую не пераблытаеш ні з чыёй іншай. Ён выпрацаваў свой стыль, ні на каго не арыентаваўся. Гэты манументальна-дэкаратыўны стыль прыцягваў увагу прыхільнікаў і аматараў мастацтва да твораў на кожнай выставе.
Шмат працуючы творча, Маеўскі стварыў цудоўныя серыі палотнаў, прысвечаных старажытнай Беларусі: “Камянец-Літоўскі”, “Тураў”, “Пінск”, ”Давыд-Гарадок”, “Мірскі замак”. Удалымі атрымаліся серыі “Хлябы Беларусі”, “Беларусь – мая шыпшына”, “Нацюрморты з калоссем”. Не мінуў Мікола Маеўскі і Чарнобыльскую тэму, стварыўшы шэраг запамінальных твораў: “Рэквіем”, “Піраміда фараонаў”, “Пустыні ў Палессі”.
Плённымі ў мастацкім плане сталі для Міколы Маеўскага вандроўкі па Ясельдзе і Прыпяці, якія натхнілі мастака на новыя творы: “Рачныя кветкі”, “Мой прыяцель вецер”, «Краіна Палессе-88», «Краіна блакітных азёр», сэрыя пэйзажаў: «Зіма. Белавежская пушча», «Вясна. Белавежская пушча», «Лета. Белавежская пушча», «Восень. Белавежская пушча», серыя нацюрмортаў «Поры года»: «Зіма. Хлеб», «Вясна. Раннія кветкі», «Лета. Рачныя кветкі», «Восень. Збажына».
Мікола Маеўскі быў удзельнікам самых розных выстаў — абласных, рэспубліканскіх, усесаюзных, замежных, міжнародных. Ён удзельнічаў у Міжнародным пленэры да юбілею Напалеона Орды, у прыватных пленэрах у Беларусі і Польшчы. Меў дзве персанальныя выставы ў Германіі (2000, 2001).


Творы Міколы Маеўскага захоўваюцца ў музеях і мастацкіх галерэях Беларусі, у прыватных калекцыях у Германіі, Францыі, Польшчы, ЗША, Швецыі, Ізраіля, Японіі, Турцыі і інш. Карціны Міколы Маеўскага «Камянец-Літоўск», «Белавежская пушча» знаходзяцца ў Беларускім музеі ў Кліўлендзе ў ЗША. Шмат сваіх прац мастак падарыў сваім сябрам і вядомым асобам.
З канца 1990-х мастак шмат жыў у вёсцы Дварцы, дзе даглядаў хворую маці. А з 2008 года з сямейных прычынаў мастак вымушаны быў пакінуць Брэст.
Пра сваё жыццёвае крэда мастак выказваўся так: «Мая Беларусь пачынаецца адсюль, з Камянеччыны, дзе ёсць два яркія сімвалы Радзімы: Белая Вежа — сімвал яе мужнай гісторыі, і Белавежская пушча - сімвал непераўзыдзенай красы яе прыроды». Менавіта ў свае родныя Дварцы пад Камянцом мастак вярнуўся жыць у сталым узросце падалей ад гарадскому тлуму і дзе знайшоў свой апошні спачын.
Памёр Мікола Маеўскі 10 верасня 2017 года. Пахаваны на могілках суседняй вёскі Вялікі Лес побач з магілай маці і сваякоў.
1. Маеўскi, Мiкола. Бліжэй да сонца [Каталог] / М. Маеўскi. Брест: Брестская типография, 2010.- [65с.]
2. Маевский Николай // Художники Брестчины. Мн., 1997. С. 56.
3. Валасюк, Л. Палёт над пушчанскім гняздом : [пра жыццё і творчасць М. Маеўскага] / Лявон Валасюк // Непрыдуманыя партрэты: Мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны / Лявон Валасюк. - Брэст, 2014. - С. 40-43.
4. Маеўскі Мікалай Аляксеевіч // Памяць: Камянецкі раён. Мн., 1997. С. 510-511.
5. Мастак з Дварцоў // Навіны Камянеччыны. 2017. 23 верасня (№ 38). С. 22.
6. Барысюк, У. Дарога дадому, у Белавежу: [да 60-годдзя з дня нараджэння М. Маеўскага] / У. Барысюк // Вечерний Брест. 2010. 26 февраля.
7. Барысюк, У. “Сонца ўсходзіць за Белаю вежаю…” : [да 60-годдзя М. Маеўскага] / Уладзімір Барысюк // Навіны Камянеччыны. 2010. 27 лютага. С. 3.
8. Валасюк, Л. Палёт над пушчанскім гняздом : свой 60-гадовы юбілей адзначыў вядомы берасцейскі мастак Мікалай Маеўскі / Л. Валасюк // Народная трыбуна. 2010. 6 сакавіка. С. 11.
9. Аксенін, С. Чыстыя крыніцы : расказваем пра нашага земляка – мастака з вёскі Дварцы / С. Аксенін // Ленінец. 1987. 7 мая. С. 3.