Вход Регистрация
О насБиблиотека
детям
Читателям Филиалы Информационные
ресурсы
Новости
и события
Методическая
копилка
Краеведение Контакты Гостевая
книга
ПЦПИ
Малажавы Віктар Фёдаравіч

Малажавы Віктар Фёдаравіч.jpg

   У маленькай утульнай майстэрні ў Камянцы стварае прыгажосць мастак і майстар народнай творчасці Віктар Фёдаравіч Малажавы.
   Віктар Фёдаравіч нарадзіўся 10 верасня 1955 года ў г. Камянцы Брэсцкай вобласці. Яшчэ вучнем пачатковай школы ён намаляваў Камянецкую вежу. Гэта работа атрымала першую прэмію на Усесаюзнай выстаўцы дзіцячага малюнка ў Маскве. Для хлопчыка гэта была першая буйная ўзнагарода за ўменне адлюстраваць мастацкімі сродкамі сваю любоў да малой радзімы і якая вызначыла яго далейшы лёс.
   Першую мастацкую падрыхтоўку Віктар Фёдаравіч атрымаў па жывапісу ў майстэрні Ф. І. Дарашэвіча, які быў яго хрышчоным бацькам і дапамагаў яму ў падрыхтоўцы да будучай прафесіі. Затым вучыўся ў студыі жывапісу Белсаўпрофа ў А. М. Міхайлоўскага, па дызайну – у студыі Ю. М. Галкіна пры Мінскім НІІ ЭВМ.
   Потым была выкладчыцкая праца ў Бабруйскім мастацкім вучылішчы па спецыяльнасці “мастак-дэкаратар”, на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педінстытута, намеснікам дырэктара Кобрынскага мастацка-тэхнічнага вучылішча.
   У 1973 годзе Віктар Малажавы быў прызваны ў армію, дзе шмат часу займаўся мастацка-афармляльнай дзейнасцю. У часы службы стварыў праект і выканаў афармленне музея пагранвойск у Кіеве (1974). Стварыў праект і афармленне музея мастацкага вучылішча ў Кобрыне (1983), школьных музеяў у Кобрынскім і Маларыцкіх раёнах.
Малажавы Віктар Фёдаравіч.jpg   Віктар Малажавы працуе ў галіне прыкладнога мастацтва. У выстаўках пачаў удзельнічаць з 1972 года. Асноўнай яго творчай дзейнасцю з’яўляецца разьба па дрэве. На працягу многіх гадоў ён вырабляе рознае царкоўнае ўбранне і мэблю, выразае рамы для абкладаў ікон. Нават па некалькіх захаваных элементах рэстаўрыруе царскія вароты цэркваў.
   Але больш за ўсе майстру падабаецца ствараць іканастасы. Віктар Фёдаравіч атрымаў у свой час блаславенне на сваю дзейнасць Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта. Першы іканастас майстар выканаў для царквы ў вёсцы Бортнікі, што на Магілёўшчыне, пасля былі іншыя: у Пашуках, Расне, Індычах, Каменюках Камянецкага раёна, Хмелеве Жабінкаўскага раёна, у жаночым манастыры на Магілеўшчыне, у вёсцы Любонічы ля Бабруйска, Прыбараве ля Брэста і інш. Усяго іх больш за 60.
   Для храма горада Новазыбкаў Бранскай вобласці (Расія) стварыў самы вялікі са сваіх іканастасаў – 6,5 метра па крыжы і 12 метраў у шырыню. За гэтую працу ў манастыры ў Жыровічах Патрыярх Маскоўскі і Усяе Русі Алексій II уручыў Віктару Малажаваму Царкоўную грамату.
   Адной з лепшых работ Віктар Малажавы лічыць ківот для іконы Маці Божай Жыровіцкай, выразаны ў стылі барока з дрэва, пазалочаны, а месцамі пакрыты плацінай.
   Маляваў Віктар Фёдаравіч і гумарыстычныя малюнкі, якія змяшчаліся на старонках газет “Знамя юности”, “На страже Октября”, “Советский пограничник” (1979-1982), таксама на старонках раённай газеты “Навіны Камянеччыны”.
   За многія гады ў мастацтве Віктар Фёдаравіч набыў значны вопыт, прыдбаў сапраўднае майстэрства. Ніводны сюжэт у яго работах ніколі не паўтараецца, кожны элемент прадуманы, мае асабістае значэнне. Беручыся за новую працу, майстар заўсёды адчувае хваляванне, хутчэй нават прадчуванне нечага таямнічага і светлага. Пэўна таму выклікаюць яго творы такое шчырае замілаванне.
Малажавы В.Ф. - працы.jpg Малажавы В.Ф. іканастас.jpgМалажавы В.Ф. працы.jpg

 За свае творчыя работы Віктар Малажавы мае каля 100 ганаровых грамат, дыпломаў, 2 урадавыя ўзнагароды, асабістую падзяку старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі СССР Ю. Андропава за ўдзел у стварэнні музея КДБ у Кіеве, 7 залатых і 3 срэбныя медалі ВДНГ БССР і СССР, Дыплом 1 ступені ЮНЕСКА.  
   Сёння Віктар Фёдаравіч працягвае займацца любімай справай, супрацоўнічае з цэрквамі. Творы яго выстаўлены ў храмах на стагоддзі. І, гледзячы на іх, людзі прызнаюць перавагу і велічнасць духоўнай сілы.

 Літаратура: 

1.    Малажавы Віктар Фёдаравіч // Памяць: Камянецкі раён. Мн., 1997. С. 511.
2.    Совпель, А. Дембельский альбом Виктора Моложавого / Анна Совпель // Навіны Камянеччыны. 2018. 26 мая. С. 7.
3.    Скроцкая, К. Іканастас для храма ў Белавежскім : [ пра разьбяроў па дрэве бацьку і сына Малажавых] / Кацярына Скроцкая // Навіны Камянеччыны. - 2014. — 27 верасня. — С. 6.
4.    Нарэйка, Н. Во имя Божие / Настасся Нарэйка // Навіны Камянеччыны. 2010. 27 лістапада.
5.    Пятручык, Т. Вінаградная лаза Віктара Малажавага / Тамара Пятручык // Культура. 2005. 3-9 верасня (№ 36). С. 24.
6.    Пятручык, Т. Творца : [пра майстра В. Малажавага] / Тамара Пятручык // Навіны Камянеччыны. 2005. 3 верасня. С. 5.


© 2011. Каменецкая центральная районная библиотека им.В.М. Игнатовского