Маркевіч Яраслаў (1942, г. Высокае Камянецкага раёна), паэт, празаік, жывапісец. У час Вялікай Айчыннай вайны сям’я выехала ў Польшчу. З 1956 вучыўся ў лясным тэхнікуме ў Жэпіне, з 1958 у Любранцкім агульнаадукацыйным ліцэі № 22, дзе дэбютаваў вершамі “Пытанне”, “Вызнанне” у “Zyciu Literackim”. Вучыўся на філасофскім, гістарычным факультэтах Варшаўскага ўніверсітэта. Член аб’яднання “Гібрыды” (1960-1971), лодзьска-варшаўскай групоўкі “Кола”. Працаваў у розных выдавецтвах і выданнях, у якіх змяшчаў свае творы. З 1982-1990 займаўся незалежнай выдавецкай дзейнасцю. Вядомы як мастак, наладжваў выставы сваіх твораў у Польшчы і Германіі. У паэтычнай творчасці выявіліся элементы неакласіцызму і авангардызму. Зборнікі вершаў і прозы “Сонечны стадыён”, “Забойцы прыйдуць паслязаўтра”, “Паміж голымі ідуць голыя”, “Усюды ёсць зямля”, “Папяровы бубен” і інш. Беларускамоўныя вершы ўвайшлі ў “Анталогію польскай паэзіі XX стагоддзя. Напярэймы: ад Буга да Варты” (Мн., 2003. Т. 2) у перакладзе А. Лойкі.