Петр Уладзіміравіч Свентахоўскі - жывапісец, педагог па прызванні, выдатная асоба на ніве беларускай культуры.
Нарадзіўся мастак 19 сакавіка 1939 года ў весцы Зубачы Камянецкага раёна (зараз – тэрыторыя Польшчы). Першыя крокі ў мастацтве зрабіў пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў Пятра Данеліі ў мастацкай студыі Брэста.
Ішлі пераломныя 1950-я, калі з’явіліся ўмовы для новага бачання свету, не без складанасцей, але пачалі сцвярджацца новыя пластычныя прыёмы, з мінулага былі вернуты забытыя імёны. Творцы імкнуліся ў сваіх палотнах выказваць нязвыклае ім адчуванне свабоды. П.Данэлія таксама актыўна працаваў, асабліва ў жанры пейзажа. Гэта ён «заразіў» студыйцаў творчым неспакоем. Прымушаў іх спаборнічаць адзін з адным. Адкрываў свет імпрэсіянізму, спакушаў эксперыментаваць з колерам. Ці не з тых часоў з’явіліся ў П.Свентахоўскага павага да прафесіі настаўніка моладзі, імкненне самому не спыняцца на месцы, шукаць сябе, сваю манеру, стыль, жывапіснае бачанне свету?
У 1966 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. З 1966 па 1971гг. ён выкладаў музыку і выяўленчае мастацтва ў 1-й гарадской мастацкай школе Мінска, затым у Рэспубліканскай школе-інтэрнаце імя І.В.Ахрэмчыка. У 1971 годзе Петр Уладзіміравіч уступіў у Беларускі саюз мастакоў. У 1977 – 1980 гадах займаў пасаду адказнага сакратара арганізацыі, неаднойчы абіраўся старшыней прафсаюза. З 1971 года і да апошніх дзен свайго жыцця Свентахоўскі працаваў на кафедры малюнка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў старшым выкладчыкам, а з 1991 года – дацэнтам. Ён выхаваў не адно пакаленне таленавітых творцаў. Слынныя мастакі У.Вішнеўскі, У.Крываблоцкі, В.Мікіта, У.Панцялееў і многія іншыя лічаць за гонар называць сябе яго вучнямі.
Петр Уладзіміравіч Свентахоўскі цікавы аўтар, з непаўторным светабачаннем і выразнай выяўленчай манерай малюнка і жывапісу. Большая частка яго карцін – пра вайну і салдацкае жыццё. Цікавасць да гэтай тэмы выклікана тым, што юнацкія гады мастака прайшлі ў пагранічным Брэсце, дзе скончыў сярэднюю школу. Назіраючы за жыццем вайскоўцаў, з іх пісаў свае карціны: “На далёкай заставе” (1967), “Партрэт старшага сяржанта Бухолда” (1969), “Вартавы”, “Пагранічнікі” (1970), “Трывога” (1966) –дыпломная работа мастака падчас вучобы ў тэатральна-мастацкім інстытуце.
У найбольшай ступені жыццевыя арыенціры Свентахоўскага фарміравалі аднадумцы і паплечнікі. Ад пачатку 1960-х г. ён меў самыя цеплыя стасункі з Л.Шчамялёвым, Я.Куліком, А.Марачкіным і іншымі дзеячамі беларускай культуры. Найважнейшы плён такога сяброўства – з’яднанасць у справе адраджэння нацыянальных каштоўнасцей беларускай гісторыі і культуры. Пад гэтым уплывам у Свентахоўскага з’явіўся новы жанр – гістарычны краявід. Да яго адносяцца карціны “Палі Міншчыны” (1983), “Царква ў Сынкавічах” (1984), “Вяселле ў Міры” (1984), “Стары гасцінец” (1998), “Старажытны край” (2005). Праявіў сябе мастак і ў партрэтным жанры. Яго партрэты вызначаюцца манерай рэалістычнага пісьма, жаданнем выявіць рысы характару, перадаць мелодыку вобраза: “Алаіза Пашкевіч” (1978), “Еўфрасіння Полацкая” ( 1980), “Цішка Гартны” (1983), “Ларыса Геніюш” (1984). Сярод найлепшых партрэтаў – “Партрэт Леаніда Шчамялева” (1986). З неменшым захапленнем мастак пісаў нацюрморты. Тут яму цяжка было спаборнічаць з класікам жанру Валянцінай Свентахоўскай (жонкай мастака). Яго карціны “Лілеі” (1991), “Астры” (1995), “Бэз” (1999) – ветлівы паклон творцы хараству прыроды. Галоўнай і значнай у творчасці Пятра Уладзіміравіча, да самага канца яго жыцця, заставалася тэма вайны. Подзвігу невядомага салдата прысвечаны апошні яго твор.
У.Басалыга, старшыня Беларускага саюза мастакоў і бліжэйшы сябар П.Свентахоўскага, адзначыў: «Я заўжды зайздросціў яго смеласці, шырыні натуры, валоданню колерам -- здаецца, не вельмі яркім, але такім магутным па пластычнай напоўненасці. Зямля ў яго ляжыць так, што на яе, здаецца, можна абаперціся нагамі. Ён часта пісаў азёрныя краявіды, далёкія прасторы, неба над возерам. І штораз гэтыя матывы набывалі сваё адметнае гучанне. Я бачыў, як ён працаваў над батальнымі сцэнамі. Адчуваў іх дынаміку, напружанасць. Ён умеў перадаць трагізм. Умеў выказаць і замілаванасць спакойным краявідам. Ён любіў прыроду, зычліва і спачувальна ставіўся да людзей. Без гэтых уласцівасцей мастакоўскай і чалавечай душы іскрынкі цеплыні не зіхацелі б так выразна на ягоных палотнах».
За дасягненні ў выяўленчым мастацтве і шматгадовую паспяховую педагагічную дзейнасць мастак быў узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Беларусі (2000), Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (2005). Творы Свентахоўскага знаходзяцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музея і Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, у фондах Беларускага саюза мастакоў і Музея Вялікай Айчыннай вайны.
Памёр Петр Свентахоўскі 27 чэрвеня 2006 года. 18 красавіка 2007 года ў мінскім Палацы мастацтва адбылася прэзентацыя пасмяротнай выстаўкі мастака.
Петр Уладзіміравіч Свентахоўскі пакінуў ў мастацтве значны след і багатую творчую спадчыну.
Літаратура:
1. Свентоховский Пётр Владимирович // Республика Беларусь: энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 6. С. 581.
2. Свентахоўскі Пётр Уладзіміравіч // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Мінск, 2002. Т.14. С. 250.
3. Свентахоўскі Пётр Уладзіміравіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 4. С. 674.
4. Фатыхава, Г. Свентахоўскі Пётр Уладзіміравіч / Г. Фатыхава // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Камянецкага раёна. Мінск , 1997. С. 512.
5. Гаранская, Т. Героіка і лірыка: арыенціры творчасці Пётры Свентахоўскага / Т. Гаранская // Мастацтва. 2011. № 12. С. 38 – 41.
6. Фатыхава, Г. Ён слухаў - і працаваў: [згадкі пра П. Свентахоўскага] / Галіна Фатыхава // Літаратура і мастацтва. 2007. № 42. С. 16. Год прысуджэння спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі (2000).
7. Дошчык, Д. Наш зямляк – лаўрэат прэміі Прэзідэнта: [Пётр Свентахоўскі, дацэнт кафедры малюнка Беларускай акадэміі мастацтваў] // Навіны Камянеччыны. 2001. 7 лютага.